01.12.2009 / 18:54

Лукашэнка спадзяецца, што «прэлюдыя» не зацягнецца 8

У першы дзень зімы на прадпрыемстве інвалідаў Лукашэнка выказаў тое, што свярбела. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

У першы дзень зімы на прадпрыемстве інвалідаў Лукашэнка выказаў тое, што свярбела. Ключавая фраза — наконт мытнага звязу з Расіяй ды Казахстанам: «Баяцца тут няма чаго».

Слова «баяцца» выдае фобіі самога беларускага кіраўніцтва. Тое, што яно пераймаецца, было бачна няўзброеным вокам на нарадзе, зладжанай за дзесяць дзён да разрэкламаванага мінскага саміту. Тады Лукашэнка фактычна паставіў пытанне рубам: а ці патрэбен Беларусі той мытны звяз, у якім будзе дамінаваць Расія? Карацей, падвесіў пытанне гэтак жа, як некалі КСАР.

Нарада нарабіла такога фурору, што расійская дэлегацыя, як паведаміў дасведчаны «КоммерсантЪ», ляцела ў Мінск на саміт ЕўрАзЭС з благім прадчуваннем. Інтрыга захоўвалася да апошняга моманту.

Яшчэ болей, калі разабрацца, то, насуперак анонсам, мытны звяз у Мінску 27 лістапада дэ-факта так і не стварылі. А падпісалі толькі пару папярэдніх дамоваў пра рамкавыя умовы яго фармавання. Усё яшчэ віламі па вадзе.

І пэўна не ўсе звярнулі увагу на такі нюанс:

Лукашэнка фактычна зноў падвесіў пытанне, толькі ў новай форме.

Ён рэфрэнам паўтарае, што галоўнае для Мінска — не мытны звяз, а адзіная эканамічная прастора з «роўнадамоўнымі» цэнамі на энергарэсурсы.

Я спытаўся ў некалькіх эканамістаў, што такое «роўнадамоўныя цэны» — паціскаюць плячыма. Але сэнс неалагізму зразумець няцяжка. Беларускае кіраўніцтва хоча ад Расіі таго ж, чаго хацела заўсёды, — танных газу і нафты.

І прынцыпова важнай выглядае фраза Лукашэнкі пра тое, што яны з Мядзведзевым і Назарбаевым збяруцца 18 снежня ў Астане, каб «прыняць канчатковае рашэнне па АЭП». Карацей, думай, Расія, расшыфроўвай рэбус пра «роўнадамоўныя цэны», калі не хочаш, каб твой праект ляснуўся.

Тым часам Лукашэнка ўжо псіхалагічна рыхтуе беларусаў да падаражэння іншамарак: ««Выбачайце, але калі мы сюды будзем завозіць менш патрыманага хламу, то, можа, нічога страшнага ў гэтым няма. Мы выйграем па іншых пазіцыях».

Беларускі кіраўнік прышпіліў да аргументаў на карысць мытнага звязу нават нашумелы візіт сіньёра Берлусконі. Той, маўляў, убачыў магчымасці экспансіі праз Беларусь на гіганцкі рынак амаль што маштабу СССР.

Лукашэнка аптымістычна прагназуе, што стварыць АЭП пашэнціць за паўтара года. І гэта ўжо не адпавядае расійскім прыкідкам. Паводле сакратара камісіі мытнага звязу віцэ-прэм’ера Расіі Ігара Шувалава, каб распрацаваць юрыдычную базу АЭП, спатрэбіцца 24 месяцы.

Нагадаю: на нарадзе 17 лістапада Лукашэнка матываваў сумневы ў мытным звязе тым, што «ў нас на сёння няма ніякай пэўнасці ні ў пытанні аб скасаванні экспартных мытаў на нафту, якія ўжывае Расія, ні па адзіным цэнаўтварэнні на прыродны газ ды іншыя энергарэсурсы…». На сёння пэўнасці ў гэтых пытаннях не дадалося ні на ёту.

Паказальная сённяшняя агаворка Лукашэнкі, што вылучана аж 600 «адчувальных пазіцый», па якіх партнёры траістага мытнага звязу мусяць дамаўляцца кансэнсусам. Гэта капец. Бо ў «адчувальных пазіцыях» Мінск з Масквой нават удваіх не маглі разабрацца, і гэтыя разборкі выліваліся ў эксцэсы кшталту славутай малочнай вайны.

Так што цяперашняя рэклама выгадаў мытнага звязу вельмі падобная на сеанс аўтатрэнінгу. І хаця Мядзведзеў паэтычна назваў гэты звяз прэлюдыяй да АЭП, беларускае кіраўніцтва адчувае, што можа трапіць як шчупак у нерат.

Аляксандр Класкоўскі.

0
wint / Адказаць
01.12.2009 / 19:32
Гы, а што ў гэтым нелягічнага, што ён хоча таксама, як і ўсе разьвітыя краіны, атрымліваць ад сыравінных краінаў танную сыравіну і ў той жа час карыстацца вялікім рынкам збыту. Шчэ з часоў "чорнай" Афрыкі эўрапейскія краіны мянялі шкляныя бусы на рэсурсы. :) Усе слушна, адзінае, што свае інтарэсы адстайваць увесь час трэба.
0
Кнехт / Адказаць
01.12.2009 / 19:47
2 wint Усе слушна, адзінае, што свае інтарэсы адстайваць увесь час трэба. ---------------------------- "Свае" ён адстайвае увесь час, а хацелася б, каб - і нашы, Рэспублікі Беларусь. А для гэтага патрэбна выхаваць палітычную эліту, якая б правяла краіну па бурнаму мору сучаснай палітыкі...
0
wint / Адказаць
01.12.2009 / 21:43
Кнехт напiсаў(ла) Снежань 1, 2009 у 18:47 А для гэтага патрэбна выхаваць палітычную эліту, якая б правяла краіну па бурнаму мору сучаснай палітыкі... ======================== Вы лічыце, што сеньняшнія опы - палітычная эліта, якую трэба выхоўваць? :) Ды, шчэ, каб яны некуды праз мора павялі? :) Паспрабую адказаць вам па-вашаму. :) Моцна ня біце нагамі, мне да вас ў вершах далёка. :) Нуууу, задаў нам Кнехта заданьне: Ап-эліты выхаваньне. Каб затым яны праз мора Павялі далей ад гора. Трэба срочна, тут бяз слоў, Выхаваць сабе гаспадароў. Тут троху пра эліты :) : http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D0%B5%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F_%D1%8D%D0%BB%D0%B8%D1%82
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру