Аўтадылеры збянтэжаны інфармацыяй аб павышэнні ставак мытных пошлін на легкавыя аўтамабілі, што ўвозяцца юрыдычнымі асобамі.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.

Інфармацыю пра новыя стаўкі мытных пошлін на легкавыя аўтамабілі, што ўвозяцца юрыдычнымі асобамі, распаўсюдзіў афіцыйны сайт Камісіі Мытнага саюза. Стаўкі пошлін на ўвоз легкавых аўтамабіляў, якія змяшчаюцца ў адпаведным раздзеле Адзінага мытнага тарыфу, практычна поўнасцю супадаюць з дзейнымі цяпер у Расійскай Федэрацыі. Як паведамлялася раней,

расійскія стаўкі мытнай пошліны на легкавыя аўтамабілі прыкладна на 25 працэнтных пунктаў вышэйшыя за беларускія.

Для фізічных асоб у рамках Мытнага саюза новыя правілы ўвозу аўтамабіляў пакуль не вызначаны. Як меркавалася раней, яны будуць выпрацоўвацца да 1 ліпеня 2010 года. Гэта азначае, што фізічныя асобы змогуць увозіць на мытную тэрыторыю Беларусі аўтамабілі па старых стаўках да 1 ліпеня 2010 года.

Паводле слоў Міхневіча, калі да ліпеня ўсё ж зробяць аднолькавымі мытныя пошліны на ўвоз аўтамабіляў для юрыдычных і фізічных асобаў , то з’явіцца нейкая надзея на бізнес. «Найбліжэйшыя паўгода аўтамабільнаму бізнесу рабіць няма чаго», — лічыць ён.

Эксперт выказаў меркаванне, што дылеры прымуць рашэнне аб прыпыненні ўсіх акцый і распродажаў.

«Распродажы цяпер недарэчы. Усе машыны, якія ёсць зараз на складзе, лепш прадаваць у 2010 годзе па цэнах крыху вышэйшых за цяперашнія.

Такім чынам у дылераў з’явіцца магчымасць працягнуць на сваіх запасах да 1 ліпеня», — сказаў кіраўнік БАА.

Як раней адзначалі эксперты, павышэнне мытных пошлін да ўзроўню расійскіх прывядзе да павелічэння кошту аўтамабіляў

мінімум на 40%.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?