На факультэце міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта 1 снежня пачаў працу Цэнтр карэязнаўства.

Як паведаміў на адкрыцці цэнтра пасол Рэспублікі Карэя ў Беларусі Лі Ен Су, цэнтр будзе займацца вывучэннем карэйскай мовы, гісторыі, культуры і традыцый Карэі. «Думаю, што стварэнне ў БДУ Цэнтра карэязнаўства, дзе студэнты і проста беларускія грамадзяне змогуць знайсці інфармацыю, што іх цікавіць, папоўніць свае веды аб Карэі, а таксама лепш зразумець Карэю, мае велізарнае значэнне для далейшага развіцця двухбаковых адносін», — сказаў дыпламат. Ён падкрэсліў, што будзе прыкладваць усе намаганні, каб цэнтр увесь час развіваўся і ў ім папаўняўся кніжны фонд, абнаўлялася экспазіцыя.

Цэнтр мае фонд навуковай і вучэбнай літаратуры на карэйскай мове, ён абсталяваны сучаснай камп’ютэрнай тэхнікай, аснашчаны аўдыё‑ і відэаматэрыяламі моўнага і краіназнаўчага характару. На базе цэнтра плануецца праводзіць сустрэчы з карэйскай інтэлігенцыяй, семінары рознага профілю, канферэнцыі, круглыя сталы і іншыя мерапрыемствы.

Як адзначыў загадчык кафедры міжнародных адносін БДУ Аляксандр Гардзей, гэта другі пасля кітайскага цэнтр, які працуе на базе ВНУ. Паводле яго слоў, у будучыні плануецца адкрыць яшчэ некалькі такіх цэнтраў.

Паводле інфармацыі прэс‑службы ВНУ,

БДУ — адзіная навучальная ўстанова ў Беларусі, дзе з 1999 года вывучаецца карэйская мова.

На базе універсітэта падрыхтавана каля 10 спецыялістаў па спецыялізацыі лінгвакраіназнаўства. Зараз больш чым дваццаць студэнтаў факультэта міжнародных адносін вывучаюць мову і культуру Карэі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?