02.12.2009 / 13:07

Алег Латышонак, Яўген Мірановіч: Фальшывая гісторыя — гэта настаўніца фальшывай палітыкі 36

Ці ж трэба для гэтага лепшы доказ, чым параза БНФ, які ў свой час паблытаў Беларусь зь Вялікім Княствам Літоўскім?

Ці ж трэба для гэтага лепшы доказ, чым параза БНФ, які ў свой час паблытаў Беларусь зь Вялікім Княствам Літоўскім? Слова да беларускага чытача новай «Гісторыі Беларусі ад сярэдзіны ХVIII ст. да пачатку ХХІ ст.», што выйшла ў выдавецкай серыі часопіса «ARCHE».

Гэтая кніжка пісалася намі на пачатку новага тысячагодзьдзя, а ўпершыню выдадзеная па–польску была ў 2002 г. Прызначалася яна перадусім для польскага чытача, ці беларускага, але з Польшчы. Менавіта дзеля гэтага даволі шмат увагі мы прысьвяцілі падзеям на даўнім Падляшшы і больш позьняй Беласточчыне, якая зьявілася пад канец ХVІІІ ст., разам з падзеламі Рэчы Паспалітай, сьпярша як прускі дэпартамэнт, а пасьля як расейская вобласьць. Гэта — малая бацькаўшчына аўтараў, якія абодва беларусы.

Нягледзячы на прывязанасьць да малой бацькаўшчыны, асноўную ўвагу мы прысьвяцілі нашай Вялікай Бацькаўшчыне — Беларусі. Яна ў нас большая за Рэспубліку Беларусь, бо нават у мадэрны час Беларусьсю былі тэрыторыі, якія пасьля воляй лёсу апынуліся па–за межамі Краю. Даволі прыгадаць, што сёньняшняя Рэспубліка Беларусь апэлюе да традыцыі БССР, абвешчанай першы раз у Смаленску.

Ва ўступе мы напісалі, што будзем адстойваць перш за ўсё беларускі, а ня польскі пункт гледжаньня на гістарычныя падзеі, але без празьмернага шанаваньня беларускіх гістарычных мітаў.
Захар Шыбека, аўтар рэцэнзіі на гэтую кніжку [яе польскамоўную версію], апублікаванай у 2002 годзе ў «Беларускім гістарычным аглядзе», палічыў нават, што мы — разбуральнікі нацыянальных мітаў, сам пры гэтым вызначаючыся як прыхільнік рамантычных адносінаў да мінулага.

Нам здаецца, што розьніца тут не прынцыповая. Мы калісьці вельмі рамантычна ставіліся ня толькі да гісторыі, але і да сучаснасьці, шмат энэргіі прысьвяцілі «хаджэньню ў народ» і буджэньню яго да самастойнага існаваньня. Я. Мірановіч быў першым незалежным беларускім кандыдатам у польскі Сойм, а А. Латышонак — лідэрам Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня, адзінай на той час партыі нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Гэтая дзейнасьць якраз і вылечыла нас ад рамантычнага погляду на свой народ і ягоную гісторыю. Мы разумеем, следам за вялікім польскім гісторыкам Юзафам Шуйскім, што «фальшывая гісторыя — гэта настаўніца фальшывай палітыкі».

Ці ж трэба для гэтага лепшы доказ, чым параза Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», які ў свой час паблытаў Беларусь зь Вялікім Княствам Літоўскім? Дарэчы,

рэальнасьць пачатку новага тысячагодзьдзя аказалася для нас яшчэ менш рамантычнай, чым можна было спадзявацца.
Пішам пра гэта ў частцы, даданай цяпер да асноўнага тэксту кніжкі.

Мы ўдзячныя З. Шыбеку за заўважаныя ім памылкі, выпраўленыя ў гэтым тэксьце. Прызнаем таксама, што словы «гісторыя Беларусі зь сярэдзіны ХVІІІ ст. да канца ХХ ст. — гэта гісторыя цывілізацыйнага адасабленьня ад Польшчы гэтай краіны і яе сучаснай нацыі, якая толькі фармавалася» — выраз недакладны, калі можна яго зразумець так, як зразумеў гэта аўтар рэцэнзіі — што ўзьнікненьне сучаснай беларускай нацыі непасрэдна зьвязанае з аддаленьнем ад Польшчы. Мы толькі зафіксавалі факт, што аддаленьне ад Польшчы, зробленае пад ціскам Расеі, адбывалася ў той самы час, калі фармавалася сучасная беларуская нацыя. Мадэрная беларуская нацыя ўзьнікла на мяжы ХІХ і ХХ ст. як эўрапейская нацыя свабодных вытворцаў — сялян, у чым падобная была да мадэрнай польскай нацыі, у апошняй толькі больш было сярэдніх і вышэйшых пластоў грамадзтва. На жаль, на мяжы ХХ і ХХІ ст. Беларусь надалей аддалялася ад Польшчы.

Краявід Беларусі, краіны вялізных гарадоў і аграгарадкоў, нічым не нагадвае Польшчы, дзе гараджане перасяляюцца ў мястэчкі і вёскі, а сяляне захоўваюць прыватныя гаспадаркі. Беларусь і Польшча цяпер — краіны розных цывілізацыяў, Эўропы і Эўразіі, нягледзячы на вартыя ўхваленьня намаганьні вярнуць эўрапейскі выгляд цэнтрам беларускіх гарадоў.

Маем надзею, што беларускаму чытачу будзе цікава даведацца, якая была гэтая гісторыя, убачаная вачыма беларускіх гісторыкаў зь Беластоку.

0
Лось / Адказаць
02.12.2009 / 14:06
які ж флаг і герб прапануюць нам аўтары? БНФ не памыляліся стратэгічна. Тактыка была неправільнай. Разбурыць можна што хочаш, толькі ікаму гэта выгадна? Акрамя сучасных уладаўне магу прыгадаць нікаго. Беларусь адрозніваецца ад Польшчы-добра, а ці былі аўтары ў Расіі, ці Казахстане? а Польшча ад Францыі ці Германіі не адрозніваецца:)
0
ванёк / Адказаць
02.12.2009 / 14:16
Во, панове! Гэта вам не рамантыкі-адраджэнцы Сагановічы, Краўцэвічы і Ермаловічы там розныя... Гэта, панове, прафесіяналы. Чытайце - можа хоць чамусь вас, господа націоналісты, навучаць. Хаця, вучыцца разумны, а неразумнаму вучыцца няма чаго - ен і так мудры.
0
ZP / Адказаць
02.12.2009 / 14:42
"Алег Латышонак, Яўген Мірановіч: Фальшывая гісторыя — гэта настаўніца фальшывай палітыкі Ці ж трэба для гэтага лепшы доказ, чым параза БНФ, які ў свой час паблытаў Беларусь зь Вялікім Княствам Літоўскім?" ========================================================== Танная правакацыя.
Паказаць усе каментары/ 36 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру