За апошнія тры тыдні пушчаныя пад нож ці прададзеныя насельнікам 120 тысяч курэй са 190 тысяч, што звычайна гадавала Мірская птушкафабрыка. З васьмі цахоў закрыліся пяць. 70 работнікаў фабрыкі са 130 адпраўленыя ў неаплачаныя адпачынкі.

— Мы ўсе ў трансе! — кажа адна з работніц. — Немаведама, ці заўтра яшчэ будзем працаваць, ці нас ўжо выкінуць. Мы ня ведаем, што рабіць. Мы ж хацелі хоць якойсьці праўды. А так — палучыўся адзін зьдзек!

Ліквідацыя птушкі пачалася, калі прадпрыемства яшчэ належала менскай фірме “Сіні лён”. Але днямі Вышэйшы гаспадарчы суд вынес рашэньне вярнуць Мірскую птушкафабрыку ў рукі дзяржавы. Дамова пра яе продаж скасаваныя “дзеля невыкананьня ўмоваў”.

Мірская птушкафабрыка нядоўга пабыла прыватнай — ад жніўня 2005 г. Скандал вакол яе выйшаў на паверхню ўвесну. Работнікі прадпрыемства паведамілі ў мэдыі, што новы ўласьнік, фірма “Сіні лён”, ад сакавіка не забясьпечвае кармамі птушку. Куры страцілі пер’е, работнікі фабрыкі штодня выносілі па некалькі соцень дохлых птушак. Празь няўплату на прадпрыемстве адключылі электрычнасьць, ацяпленьне ды тэлефоны. Людзям некалькі месяцаў не плацілі заробкаў. На скаргі работнікаў ва ўсе інстанцыі рэакцыяй з боку мясцовага ды сталічнага чынавенства былі толькі абяцанкі разабрацца. У чэрвені супрацоўнікі птушкафабрыкі ўжо былі гатовыя выйсьці на масавую дэманстрацыю і сапсаваць мясцовым уладам традыцыйны фэст старажытнай культуры.

— Мы напішам плякаты ды перакрыем дарогу! — заявілі яны праз мэдыі.

Гарадзенскі аблвыканкам адразу знайшоў грошы на кармы ды заробкі, а зь Менску ў Мір прыехала сумесная праверка ад Камітэту дзяржкантролю, пракуратуры ды Рады бясьпекі.

Празь некалькі тыдняў два чыноўнікі Мінсельгасхарчу, што непасрэдна афармлялі продаж птушкафабрыкі фірме “Сін лён”, былі звольненыя з пасадаў.

Высьветлілася, што фірма ня толькі не выконвала абавязкаў па ўтрыманьні фабрыкі, яна атрымала прадпрыемства, ні капейкі за яго не заплаціўшы. Але ў Міністэрстве кажуць, што іх супрацоўнікаў у гэтай сытуацыі зрабілі “стрэлачнікамі” — хоць яны ні на крок не адступілі ад патрабаваньняў прэзыдэнцкага ўказу №138. Гэты дакумэнт зьмяшчае надзвычай ільготныя ўмовы атрыманьня ўласнасьці. Згодна зь ім, новыя гаспадары фабрыкі напрацягу трох год мусілі былі заплаціць толькі 20% яе ацэначнай вартасьці (Мірская птушкафабрыка ацэненая на 6,200 млрд, значыць “Сіняму льну” яна мусіла дастацца троху болей за 1,2 млрд). Першы плацёж плянаваўся ў ліпені гэтага году, амаль праз год пасьля продажу, але так і не адбыўся.

— Фабрыка й дагэтуль была стратная, — гавораць у Белптушкапраме. — Абсталяваньне зношанае, народу шмат, прадукцыя не прадаецца. Аднаўляць яе, грошы ўкладаць ніхто не зьбіраўся. Таму і было вырашана яе прадаць. Але вось няўдалы інвэстар нам трапіўся…

Гаспадар фірмы “Сіні лён” прадпрымальнік Сьляпцоў, абвінавачаны ў фальшаваньні накладных на атрыманьне кармоў для птушкі, у чэрвені быў асуджаны да трох год пазбаўленьня волі.

Работнікі птушкафабрыкі не шкадуюць, што паднялі шум вакол свайго прадпрыемства, але тое, як дзяржава разабралася з праблемамі, іх зусім ня радуе.

— Нам увесь час казалі: “Нічога зрабіць ня можам, бо фабрыка прададзеная паводле ўказу прэзыдэнта”. Значыцца, мы павінны прэзыдэнту дзякаваць за тое, што цяпер ня маем працы?! — абураюцца яны.

Птушкафабрыка была самым вялікім прадпрыемствам ў Міры. Пакуль у апошніх трох яе цахах застаюцца працаваць каля 50 чалавек. Яшчэ 16 былі пераведзеныя на мясцовы сьпіртзавод. Каля дзясятка ўладкаваліся па розных установах самастойна. Астатнія — бяз працы. Што там зьверху вырашаюць пра іх лёс — работнікі ня ведаюць.

— Яшчэ працуем, але прыяжджалі ўчора з “Птушкапраму” і казалі, што да ацяпляльнага сэзону ўсю птушку прададуць, а фабрыку — на кансэрвацыю. Да маразоў пратрымаюць — і ўсіх вон! — гавораць работнікі.

У “Белптушкапраме” кажуць, што фабрыка застанецца працаваць, але як прадпрыемства лякальнага ўзроўню, у межах трох цахоў. Яе перададуць у камунальную ўласнасьць, а пасьля Карэліцкі раён далучыць яе да калгасу “Мірскі”. Калгас і ўладкуе ў сябе астатніх работнікаў фабрыкі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?