Моладзевы актывіст Артур Фінькевіч быў вернуты ў магілеўскую спэцкамэндатуру толькі пасьля 21.00. Пасьля таго, як лідэр АГП Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік Ігар Шынкарык, што зьбіраліся сустрэцца з Артурам, зьехалі з Магілева.
Удзень у чацьвер на прадпрыемстве, дзе працуе А. Фінькевіч, паведамілі, што перад прыездам кіраўнікоў АГП, Артура забралі супрацоўнікі міліцыі і некуды зьвезьлі. Некалькі гадзін пра яго нічога не было вядома.
Да вячэрняй паверкі А. Лябедзька. І. Шынкарык, кіраўнік магілеўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў пад’ехалі да выпраўленчай установы. Намесьнік начальніка спэцкамэндатуры маёр Сяргей Кузькоў заявіў, што Фінькевіча няма. Анатоль Лябедзька запатрабаваў кнігу скаргаў і прапановаў, у якой указаў, што парушаны Артуравыя правы, а таксама правы грамадзянаў, што прыйшлі зь ім на сустрэчу.
У размове зь Лябедзькам Кузькоў і паскардзіўся на журналістаў, якія, паводле ягоных словаў, напісалі няпраўду, што ў камэндатуры дрэнна ставяцца да Артура Фінькевіча.