Амаль праз дваццаць гадоў пасьля ядзернага выбуху ў Чарнобылі высокапастаўлены чыноўнік з МАГАТЭ даводзіць, што Чарнобыль — ня тое што не найвялікшая тэхнагенная катастрофа ХХ ст., а наагул ніякая не трагедыя. Так, драбяза, якая калі не на карысьць пайшла, дык ва ўсякім разе ня ў шкоду…

У здатнай да ўсяго прызвычайвацца чалавечай сьвядомасьці Чарнобыль усё больш пераўтвараецца ў нейкі сымбаль, вобраз, мэтафару. Але рэальны Чарнобыль — гэта ўсё ж ядзерны выбух, выкід у жывое асяродзьдзе радыяактыўных элемэнтаў, узьдзеяньне якіх вядзе да фізычнай і псыхічнай паразы людзей. У гэтым сваім узьдзеяньні Чарнобыль ня можа сам скончыцца, неяк там суцішыцца і супакоіцца — ад яго можна абараніцца толькі наступам найноўшых тэхналёгій, а калі іх няма, а іх няма, бо нямашака на іх сродкаў, грошай, дык спосаб абароны застаецца адзін — адступленьне… Што і робіцца, каб заманіць ворага як мага глыбей на сваю тэрыторыю. Гэта традыцыйная наша стратэгія, у выніку якой толькі ў адной сям’і маіх блізкіх знаёмых, Анатоля і Натальлі, сталася так, што чарнобыльскую пухліну знайшлі спачатку ў малодшага сына, а пасьля ў старэйшай дачкі. Пухліны выразалі, а дзяцей прызначылі ў інваліды. І пры гэтым на дзяржаўным узроўні (ва ўнісон з чыноўнікамі з МАГАТЭ) не саромеюцца даводзіць, нібы Чарнобыль, як той чорт, не такі ўжо страшны, як яго малююць, а асобным людзям радыяцыя можа пайсьці нават на карысьць. Ну, відаць, маецца на ўвазе тое, што ўсе беларусы — людзі нейкія асобна-асаблівыя.

Так ёсьць — і не магло, і ня можа быць іначай у Беларусі, якая насьледуе дзяржаўныя традыцыі той краіны, у якой машыны, зброя, наагул любое жалеза мела свой кошт, сваю цану, і толькі чалавечае жыцьцё не каштавала нічога. Ну, загіне дзесяць, дваццаць, трыццаць мільёнаў, пакладзецца трыста тысяч — зь іх, дарэчы, палова беларусаў — у самым канцы вайны на нікому ўжо не патрэбных Зэелаўскіх вышынях, ну дык што — бабы новых народзяць. Затое першымі ў Бэрлін увайшлі, амэрыканцам клізму ўставілі.

У траўні 1986 году, калі я прыехаў у Чарнобыль, там тварыўся суцэльны бардак: усё нібыта ахоўвалася — і не было ніякай аховы, можна было залезьці хоць у сам рэактар. Яшчэ нават не пазьбіраныя былі, выбухам выкінутыя з рэактара, кавалкі графітавых стрыжняў — і ўбачыў я не жалезных робатаў, а жывых людзей, апранутых у халаты хімабароны (нібыта супрацьрадыяцыйныя), маладых салдацікаў, сьмертнікаў, якія звычайнымі шчыпцамі з падоўжанымі ручкамі тыя графітавыя кавалкі зьбіралі. Яны зьбіралі сваю сьмерць, але не разумелі, што рабілі, а тыя, хто разумеў і пасылаў іх на гэта, — разумелі, пасылалі і маўчалі. Маўчалі доўга, а калі ўжо вымушаны былі нешта казаць, дык казанка тая ў вуснах самага галоснага кіраўніка дзяржавы Гарбачова скіравалася да Захаду, да перапалоханых немцаў, французаў, бэльгійцаў, але не да сваіх. Убачыўшы ўвесь гэты жах, я спытаўся ў акадэміка Веліхава, які кіраваў тады (разам з акадэмікам Лягасавым) усімі і ўсім у Чарнобылі: ну як, скажыце, такое можа быць?! І ён даволі доўга тлумачыў мне сутнасьць закону вялікіх лічбаў… Пасьля тлумачэньняў я сказаў яму, што зразумеў-такі сутнасьць гэтага складанага закону: бабы новых народзяць.

Пазьней, ужо пад восень, я паехаў у Чарнобыль з кінагрупай, і мы зьнялі там фільм, у якім цэнзары зь Міністэрства сярэдняга машынабудаваньня — назву ж якую прыдумалі для атамнай прамысловасьці! — пакінулі толькі тое, што сьведчыла пра гераізм і патрыятызм (што, безумоўна, было), але без аніякіх салдацікаў са шчыпцамі… Перад гэтым былі зьнішчаны стужкі, зьнятыя групай, у якую ўваходзіў мой сябар Анатоль Ярась — ён памёр ад раку.

Наш фільм ніякавата было глядзець, але і нічога ўжо нельга было ў ім выправіць: адзьнятыя матэрыялы ў нас пазабіралі. Тады зь іншай творчай групай я сабраўся ў Маскву, каб зрабіць тэлепраграму з акадэмікам Лягасавым, але, пакуль мы зьбіраліся, ён скончыў жыцьцё самагубствам, павесіўся. Нехта казаў, што менавіта праз тое, што сталася ў Чарнобылі (Лягасаў быў адным з праектоўшчыкаў рэактару), нехта называў іншыя прычыны…

Зьнялі мы ўрэшце тэлеінтэрвію з акадэмікам Веліхавым, які, усяляк зацямняючы сутнасьць праблемы, усё стараўся пераскочыць на высакалобую балбатню… Але ўсё ж на некаторыя пытаньні быў змушаны адказаць наўпрост. Я спытаў: «Калі б нават не ў 30-кілямэтровай зоне, а ў 100-кілямэтровай аддаленасьці ад яе, дзе-небудзь на Магілёўшчыне ці Гомельшчыне, жыў нехта з вашай сям’і, што б вы зрабілі?..» І ён, пакруціўшыся трохі вакол рознаўзроўневых дозаў радыяцыі, усё ж адказаў: «Вывез бы, бо жыць там нельга. Калі, вядома, жыць, а не паміраць…»

А мы вось, хто не памёр, жывём… І карумпаваныя чыноўнікі з МАГАТЭ разам з нашымі дзяржаўнымі кіраўнікамі даводзяць, як і ад пачатку даводзілі, што Чарнобыль нам зусім ня ў шкоду, калі не на карысьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0