Калi нашу зборную пакiнулi плыўчыхi Алена Попчанка i Ганна Шчэрба, спадзявацца сталi на Аляксандру Герасiменю. Аднак акрамя Сашы ёсць у нас i яшчэ адзiн лiдар – Святлана Хахлова. Характар у яе сапраўды баявы. У 2002-м разам з вышэйзгаданымi спартсменкамi Света заваявала свой першы медаль на мiжнародных спаборнiцтвах – «срэбра» чэмпiянату Еўропы ў эстафеце. Зараз яна ўжо двойчы сярэбраны прызёр кантынента, акрамя гэтага пераможца i прызёр этапаў Кубка свету i адзiная плыўчыха, якая здабыла медалi на Унiверсiядзе ў Iзмiры. Там Святлана прадстаўляла Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт фiзкультуры. Дарэчы, яна мае магчымасць вызначыцца i на чэмпiянаце свету сярод ваеннаслужачых, бо з’яўляецца спартсменкай-iнструктарам спартыўнага камiтэта Узброеных Сiл Беларусi. Як толькi ўсё паспявае?

– Памятаеце, як навучылiся плаваць i калi ператварылiся ў сапраўдную «русалку»?

– Спачатку на дарожцы адчуваеш сябе, як першы раз за рулём: губляешся i не разумееш, цi атрымаецца абагнаць кагосьцi. Вопыт прыходзiць з гадамi. Калi навучылася плаваць, дакладна не скажу. Тата неяк узгадваў, як браў абанемент i вадзiў мяне ў дзяцiнстве ў басейн «Арляня». Памятаю, што я пужалася вады, але плёскалася ў ёй. Займацца прафесiйна плаваннем стала ў спартшколе «Трактар». Акрамя таго, я вучылася бальным танцам, хадзiла на дзюдо i маляванне. У мяне дасюль няма адчування сябе ў якасцi добрай плыўчыхi. Кроль атрымлiваецца, але хацелася б плаваць усiмi стылямi, асаблiва вылучацца ў спрынце, бо гэта сапраўдны выбух. Наогул стаўлюся да сваiх поспехаў самакрытычна. Магчыма, я лепей за тых, хто яшчэ не прабiўся на чэмпiянат Еўропы, а так не самая выдатная спартсменка. Вось хто мной ганарыцца, дык гэта бацька. Напэўна, не толькi таму, што я яго дачка: ён з’яўляецца майстрам спорту па веласпорту.

– У прафесiйных плыўчых звычайна шырокая спiна. Вы не пужалiся сапсаваць фiгуру?

– Я з-за спiны якраз i прыйшла ў басейн, бо ўзнiклi праблемы з пазваночнiкам. Некаторыя сцвярджаюць, што плаванне лечыць, распрамляе, але вы маглi заўважыць, як прафесiйныя плыўцы згiнаюцца. Гэта з-за пастаяннага становiшча цела ў такiм выглядзе.

– А размовы наконт дрэннага ўздзеяння пастаяннага знаходжання ў вадзе на скуру, валасы i хранiчны насмарк маюць рацыю?

– Няўжо я дрэнна выглядаю? (Света дэманструе прывабныя твар i прычоску.) А наконт насмарку... Ён сапраўды ёсць, i нiчога з гэтым не зробiш, асаблiва восенню i вясной. Не дзiва: чэмпiянаты часта праводзяцца на адкрытай вадзе: на вулiцы холадна, а ў басейне ваду грэюць. Усе спартсмены ў аднолькавых умовах, але ... Праўда, тое, што мы шмат часу купаемся, прыводзiць не толькi да насмарку: мы, напэўна, самыя чыстыя спартсмены, бо часцей за ўсiх мыемся.

– Калi вы ўзгадалi аб знешнiм выглядзе, не магу не запытаць пра купальнiк. Гэта для вас, як «русалкi», – самае любiмае адзенне?

– Я наогул фанат купальнiкаў, бо яны – мая слабасць. Як толькi пабачу прыгожы i арыгiнальны, адразу хочацца набыць. У мяне iх сто. Жартую, канешне. Быццам бы дзесяць. На жаль, на спаборнiцтвах усе купальныя касцюмы стандартныя. Калi ў iх нешта змяняецца, то толькi каб уплываць на гiдрадынамiку. А вырашу прышыць да купальнiка для прыгажосцi гузiк – ён будзе тармазiць на дыстанцыi. Усё павiнна быць iдэальным.

– Ну, не ведаю. У мяне звычайны статыстычны купальнiк...

– Калi б вы апранулi наш, то... У iм жа немагчыма дыхаць, бо ўсё сцягвае вельмi моцна, каб цела прыўзнiмалася над вадой. Чым больш сцягвае, тым лепей, але меншага памеру ж не нацягнеш. У час спаборнiцтваў не звяртаеш увагi на гэта: у галаве зусiм iншае, перапаўняюць эмоцыi, знаходзiшся ў стрэсавым стане. Дарэчы, калi апранаешся, нехта звычайна дапамагае, бо можна сапсаваць пазногцi. Канешне, iх можна састрыгчы, каб не чаплялiся, але ў плаваннi пазногцi нават нарошчваюць, бо тады плошча грабка павялiчваецца. У нас шмат сакрэтаў, як бачыце, – усмiхаецца Света. – Аднак гэта ў асноўным датычыцца экiпiроўкi. Прыдумалi новую форму акуляраў, больш выцягнутую, шапачкi i купальнiкi з сiлiконам. Праўда, нашай зборнай да гэтых сусветных распрацовак яшчэ далёка.

– Вы шмат часу праводзiце ў басейне, стамляецеся. Напэўна, адразу засынаеце?

– Сплю я нават днём, каб адпачыць пасля першай трэнiроўкi. Здараецца, бачу ў сне, як плыву. Магу нават рукой аб ложак ударыцца.

– Медалi ў сне заваёўвалi?

– Не. У сне я бачу сябе ў плаваннi больш эстэтычнага плану, прыгожым.

– Дзе, акрамя басейна, адчуваеце сябе як рыба ў вадзе?

– Я шмат чым цiкаўлюся. Вельмi захапляюся камп’ютарнымi гульнямi. Спрабавала сябе ў пейнтболе, бо мой хлопец займаецца iм прафесiйна. Аднак там даводзiцца шмат сядзець на зямлi, вось я i захварэла. Акрамя таго, з’яўляюцца сiнякi. Гэта, лiчу, больш для юнакоў, якiм падабаецца пагуляць у вайнушку i пакамандаваць.

– Дарэчы, як хлопец рэагуе на частыя трэнiроўкi яго дзяўчыны i малую колькасць вольнага часу для спатканняў?

– Мне з iм вельмi лёгка, бо ён сам былы спартсмен i таму разумее мяне: завяршыў кар’еру чатыры гады таму, выступаў за Расiю таксама ў плаваннi, потым пераехаў да нас. Адзiн вiд спорту зблiжае. Праўда, ёсць i крытыка. Прыехала з чэмпiянату свету i выслухоўвала ў аэрапорце: «Дзе медаль? Устань i праплывi!»

– Вы, напэўна, пазнаёмiлiся ў басейне?

– Так. На трэнiроўцы на адной дарожцы. Павiталiся. Дарэчы, 2 верасня ў нас вяселле.

– Вiншую i жадаю шчаслiвага сямейнага жыцця!

– Дзякуй!

– Я нядаўна даведалася, што вы – ваеннаслужачая. Не кожны юнак марыць пайсцi ў армiю, а тут дзяўчына...

– Я пакуль старшына, а хацела б яшчэ вышэйшае званне мець. Некаторыя знаёмыя, якiя «косяць», здзiўляюцца: «Табе што рабiць няма чаго?» А мне армiя падабаецца. Хачу падзякаваць першаму трэнеру, што мяне туды накiраваў. Праўда, мая служба адрознiваецца ад звычайнай, бо я, каб расцi ў званнях, павiнна абараняць гонар армii на спаборнiцтвах.

– А як да вас ставяцца iншыя вайскоўцы?

– Мне падаецца, яны спартсменаў вельмi паважаюць, бо мы прадстаўляем нашу краiну на розных спаборнiцтвах, а калi медаль здабудзем, дык наогул цудоўна. Праўда, нагрузка вялiкая: толькi вярнулася з чэмпiянату свету, як трэба ехаць на спаборнiцтвы па плаванню сярод ваеннаслужачых. Гэта мой першы важны ваенны старт. У наступным годзе, напэўна, паеду на Ваенна-спартыўныя гульнi – гэта нешта падобнае на ваенную Алiмпiяду.

– Калi ў вас шмат спаборнiцтваў, значыць, ёсць магчымасць прывозiць сувенiры з розных турнiраў. Цi збiраеце iх?

– У мяне вялiкая калекцыя значкоў. Ёсць вельмi цiкавыя з сiмволiкай Алiмпiйскiх гульняў у Афiнах. Праўда, з большым задавальненнем я б мела такую ж вялiкую калекцыю медалёў, але пакуль iх у мяне не так шмат.

– Жадаю павялiчыць калекцыю ўзнагарод i расцi ў вайсковых званнях!

Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0