Колькі дзён таму ў рэдакцыю затэлефанавала заплаканая маці былога палітвязьня Зьмітра Касьпяровіча спадарыня Тацяна. Зьміцер, нагадаем, адседзеў тры з паловай месяцы за сарваны з будынку Менгарвыканкаму чырвона-зялёны сьцяг. Яна паведаміла, што сын не прайшоў у асьпірантуру аднаго з унівэрсытэтаў па праграме Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць».

Зьміцер кажа, што зьвярнуўся ў камітэт, бо жадаў працягнуць пасьлядыплёмнае навучаньне ў замежным ВНУ, паколькі такой магчымасьці ў Беларусі ня мае. Але зьяжджаць нікуды не зьбіраўся, а плянаваў застацца тут і навучацца дыстанцыйна. У камітэце паабяцалі дапамогу. У вызначаны дзень з Польшчы ў амбасаду ў Менску прыехалі прадстаўнікі тамтэйшых ВНУ. З патэнцыйнымі кандыдатамі паводзілася сумоўе.

Зьміцер кажа, што пытаньні палякаў былі «зусім ня ў тэму». Сумоўе з кожным з прэтэндэнтаў доўжылася хвілінаў пяць. Пасьля аказалася, што Касьпяровіч якраз гэтае самае сумоўі не прайшоў.

У Камітэце сьцьвярджаюць, што яны ніякім чынам не маглі ўплываць на польскі бок, і прадстаўнікі ВНУ самастойна рабілі выбар. Касьпяровіч кажа, што палякі выбралі толькі 8 чалавек з 22 кандыдатаў для працягу вучобы. Але крытэр выбару -- загадка.

Касьпяровіч скончыў факультэт музэйнай справы і аховы помнікаў архітэктуры Беларускага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, цяпер ладзіць арганізоўвае экскурсіі па цікавых мясьцінах Беларусі. Ён і хацеў працягнуць вучобу ў падобным рэчышчы, але лёс склаўся так.

У камітэце Касьпяровічу прапанавалі іншыя варыянты, але яны не зусім падыходзяць для хлопца. Урэшце Зьміцер схіляецца, каб працягнуць навучаньне ў віленскім ЭГУ, але там прапаноўваюць месца ў магістратуры, а не ў асьпірантуры. Зьміцер Касьпяровіч абураны такім станам рэчаў.

Сапраўды праца польскага боку выклікае шмат пытаньняў: чаму месца для вучобы не знайшлося палітвязьню, які больш за 100 дзён правёў у СІЗА, а па праграме пралезла ў Польшчу плойма юнакоў, якія і блізка не былі нават на Плошчы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?