Віцэ‑прэм’ер беларускага ўрада Андрэй Кабякоў упэўнены, што Беларусь і Расія дамовяцца аб умовах пастаўкі нафты ў рэспубліку ў 2010 годзе. Пра гэта ён заявіў журналістам 4 снежня ў Мінску.

Каментуючы словы міністра энергетыкі РФ Сяргея Шматко пра тое, што захаванне льготных умоў пастаўкі расійскай нафты звязана з уваходжаннем расійскіх кампаній у капітал прадпрыемстваў беларускай нафтавай галіны, Кабякоў адзначыў: гэта — пытанне асобных перамоў. «Працоўная група пад кіраўніцтвам віцэ‑прэм’ераў Уладзіміра Сямашкі і Ігара Сечына вядзе актыўныя кансультацыі. Найбліжэйшым часам Сечын прыедзе ў Беларусь, будуць праводзіцца прамыя перамовы», — паведаміў Кабякоў.

Ён падкрэсліў, што бакі «абавязаныя дамовіцца, бо на гэта ёсць воля прэзідэнтаў».

Што да экспартнай пошліны на нафту, то, паводле слоў Кабякова, гэтае пытанне павінна быць вырашана да 1 ліпеня 2010 года, да моманту набыцця моцы Мытнага кодэкса Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана.

У сувязі з мытнымі пошлінамі на аўтамабілі віцэ‑прэм’ер заўважыў: «Не трэба палохаць, што «растаможка» для фізічных асоб падаражэе ў 10 разоў. Зараз гэта прадмет перамоў». Рашэнне, паводле яго слоў, павінна быць прынятае да 1 ліпеня 2010 года. З 1 студзеня 2010 года павысіцца мытная пошліна на ўвоз іншамарак для юрыдычных асоб.

Пры гэтым Кабякоў падкрэсліў, што практычна ва ўсіх краінах, якія выпускаюць аўтамабілі, уведзены вельмі высокі ўзровень абароны сваіх вытворцаў сродкамі мытных тарыфаў.

Віцэ‑прэм’ер упэўнены, што стварэнне Мытнага саюза дае Беларусі «выдатныя магчымасці» для прыцягнення інвестыцый ў сферу аўтамабільнай вытворчасці. «Мытны саюз адкрывае нам рынак у 170 мільёнаў чалавек», — сказаў ён.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, Беларусь, Казахстан і Расія прынялі рашэнне, што ўсе аўтакампаненты, якія вырабляюцца на тэрыторыі Мытнага саюза, уключаюцца ў залік прамысловай зборкі аўтамабіляў як айчынныя. «Пасля набыцця ім моцы беларускія камплектуючыя аказваюцца ў роўных умовах з расійскімі», — сказаў віцэ‑прэм’ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?