У Мінску прайшоў устаноўчы з’езд Саюза пісьменнікаў саюзнай дзяржавы. Сустаршынямі новастворанай арганізацыі сталі Мікалай Чаргінец і Валерый Ганічаў.

На з’ездзе была прынята рэзалюцыя, у якой дэлегаты звяртаюцца да пісьменнікаў Беларусі і Расіі, каб злучыць агульныя інтарэсы на карысць народаў абедзвюх краін.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец засяродзіў увагу на тым, што аддрукавана рэзалюцыя будзе ў Маскве на машынцы, на якой друкавалі дакументы аб развале Савецкага Саюза.
Тым самым будзе зроблены сімвалічны крок. Бо з’езд праходзіў напярэдадні 10-годдзя падпісання дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. І пісьменнікі хочуць падкрэсліць, што яны надаюць новае даханне інтэграцыйным працэсам паміж краінамі.
«Мы саспелі ў патрэбны момант. Мы патрэбны зараз саюзнай дзяржаве!»,

— сказаў Чаргінец.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Ганічаў адзначыў, што праца саюза будзе ісці на падтрымку расейскай і беларускай моў. «Мы выказваемся за ўсё, што звязана з беларускай мовай», — падсумаваў расійскі пісьменнік.

На гэта галоўны рэдактар літаратурнага часопіса «Наш современнік» Станіслаў Куняеў паведаміў, што кожны год яго калектыў рыхтуе «беларускі нумар». І за апошнія шэсць гадоў на старонках «Нашего современніка» надрукаваліся больш за 150 беларускіх аўтараў.

«Я жорстка стаю на пазіцыях умацавання беларускай мовы», — выказаўся па моўным пытанні і Мікалай Чаргінец. Ён адзначыў, што ў Саюза пісьменнікаў Беларусі ёсць магчымасці, каб спакойна, без гвалту знаёміць насельніцтва з беларускай мовай, што пісьменнікі, маўляў, і робяць.

«Нашы расійскія калегі стаяць на такіх самых пазіцыях. Яны хочуць, каб беларуская мова распаўсюджвалася і ў Расіі. Бо там шмат беларусаў».

У працы з’езда Саюза пісьменнікаў саюзнай дзяржавы ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек. Ініцыятарамі яго правядзення выступілі Валерый Ганічаў, Уладзімір Гніламёдаў, Ягор Ісаеў, Уладзімір Карпаў, Сяргей Міхалкоў, Валянцін Распуцін, Алесь Савіцкі і Мікалай Чаргінец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?