Міністэрства замежных спраў Беларусі 4 снежня прыняло заяву ў сувязі з завяршэннем тэрміну дзеяння Дагавора аб скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (ДСНУ) ад 31 ліпеня 1991 года.

Як адзначаецца ў заяве, ДСНУ зрабіў значны ўклад у працэс ядзернага раззбраення, спрыяў павышэнню ўзроўню стратэгічнай бяспекі і стабільнасці ў свеце, умацаванню даверу паміж дзяржавамі.

МЗС адзначае гістарычнае значэнне для міжнароднага рэжыму ядзернага нераспаўсюджвання, якое мела рашэнне Беларусі, Казахстана і Украіны адмовіцца ад ядзернай зброі і далучыцца да ДСНУ праз падпісанне Лісабонскага пратакола.

«Значна скараціўшы стратэгічныя наступальныя арсеналы, Расійская Федэрацыя і Злучаныя Штаты Амерыкі прадэманстравалі гатоўнасць рухацца ў кірунку міру, свабоднага ад ядзернай зброі. У гэтым кантэксце станоўча ўспрымаем намаганні Расійскай Федэрацыі і ЗША, скіраваныя на распрацоўку і больш хуткае заключэнне новага юрыдычнага дагавора аб мерах па далейшым скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў», — гаворыцца ў заяве МЗС.

Беларускае знешнепалітычнае ведамства таксама вітае сумесную заяву Расіі і ЗША ў сувязі з завяршэннем тэрміну дзеяння ДСНУ, у якой, у прыватнасці, пацвярджаецца, што зафіксаваныя ў Будапешцкіх мемарандумах гарантыі бяспекі застануцца ў сіле пасля 4 снежня 2009 года.

«Улічваючы унікальны вопыт, назапашаны падчас выканання ДСНУ, выказваем надзею, што ўсе дзяржавы — удзельнікі Дагавора 1991 года будуць і надалей працягваць палітычнае і экспертнае ўзаемадзеянне па ядзернай праблематыцы», — адзначаецца ў заяве МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?