У 2008 годзе Вярхоўны суд пасадзіў гэтага былога кіраўніка «Белнафтахіму» да пяці гадоў турмы за злоўжыванне паўнамоцтвамі, учыненае з асабістай зацікаўленасці.

Аляксандр Бароўскі прызначаны генеральным дырэктарам вытворчага аб’яднання «БелаўтаМАЗ» — генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскі аўтамабільны завод». Пра гэта паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Выхадзец з Бабруйска, «Белшыны», Бароўскі ўзначальваў «Белнафтахім» ад снежня 2005 да мая 2007 года. 29 мая 2007 года яго затрымалі, а 27 сакавіка 2008 года Вярхоўны суд пасадзіў яго на пяць гадоў. Мэнэджэра прызналі вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, учыненым з асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнага ўрону дзяржаве, на падставе часткі 2 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса. Што цікава, ён таксама на тры гады быў пазбаўлены права займаць кіруючыя пасады ў дзяржаўных арганізацыях і на прадпрыемствах.

Праўда, заяўлены Генеральнай пракуратурай у інтарэсах ААТ «Нафтан» пазоў да Бароўскага на 3,5 млрд рублёў суд пакінуў без задавальнення.

На стадыі папярэдняга расследавання з падсуднага былі зняты два з трох выстаўленых абвінавачанняў: ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 375 (наўмыснае раскрыццё звестак, якія складаюць службовую тайну) Крымінальнага кодэкса.

Прысуд Бароўскаму касацыйнаму абскарджанню і апратэставанню не падлягаў.

Ужо 22 снежня 2008 года Бароўскага вызвалілі з калоніі ў Бабруйску згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні. Да прэзідэнта з просьбай аб літасці Бароўскі акурат і звяртаўся.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?