5 снежня ў Мінску дзевяць моладзевых арганізацый аб’явілі пра стварэнне кааліцыі «Новае пакаленне». На сустрэчы лідэраў арганізацый З. Дашкевіч меў прадставіць «Малады фронт».

20:00

Лідэр «Маладога Фронту» распавёў акалічнасці сённяшняга інцыдэнту. Прыблізна аб 11-й гадзіне на выхадзе з кватэры з верхняй пляцоўкі да яго падскочылі два здаровых дзецюка і пацягнулі яго на вуліцу. Там кінулі ў мікрааўтобус і паехалі. Шлях ён не запомніў, бо на галаву нацягнулі дзве шапкі. У Змітра адабралі тэлефоны, ноўтбук і торбу. Першыя дзве, ці дзве з паловай гадзіны невядомыя перамаўляліся. «Казалі нешта кшталту – колькі ты яшчэ будзеш хадзіць да маёй Марыны. Рабілі выгляд, што яны не міліцыянты, але я чуў, як у іх працавалі рацыі», – кажа Зміцер. Потым яго перасадзілі ў іншы мікрааўтобус. Яго пасажыры амаль увесь час маўчалі. Толькі калі аўто спынілася, адзін з іх са словамі «пайду капаць» выйшаў вонкі. Лідэра МФ выцягнулі з мікрааўтобуса, працягнулі праз рукавы паліто кол, каб ён не мог пэўны час нармальна рухацца, знялі з яго галавы шапкі і сыйшлі.

19:43

Зміцер Дашкевіч цяпер знаходзіцца ў РУУСе Заводскага раёну, дзе афармляе скаргу на дзеянні невядомых, якія сёння прыблізна аб 11-й гадзіне выкралі з яго кватэры, што на Партызанскім праспекце, паведаміла Тацяна Шапуцька. Па словах Змітра, яго чатыры гадзіны вазілі ў аўто, не збівалі.

***

Дзевяць моладзевых арганізацый, сярод якіх «Малады фронт», моладзь БНФ, «Правы альянс» ды іншыя аб’ядналіся ў кааліцыю «Новае пакаленне», паведамяе Радыё Свабода. А 12 гадзіне прадстаўнікі арганізацый са сваімі лідэрамі сабраліся каля сквэру Янкі Купалы. За імі назіралі кіраўнікі гарадской міліцыі, а таксама Цэнтральнага раёну Мінску. Яны папярэджвалі, што ў пры спробе правядзення вулічнай акцыі, будзе ўжытая сіла. У двары Дома вэтэранаў стаялі два аўтазакі са спецназаўцамі.

Лідэр «Маладога фронту» на сустрэчу не прыйшоў, ягоны тэлефон не адказваў. Тэлефанаванні ў райаддзелы міліцыі гораду плёну не прынеслі.

Толькі прыблізна а палове на 5-ю вечара Зміцер выйшаў на сувязь, паведаміла НН прэс-сакратарка МФ Таццяна Шапуцька. Па словах Змітра, раніцай яго схапілі невядомыя, адвезлі ў Лагойскі раён за 70 км ад сталіцы, дзе проста выкінулі з аўто.
Па Змітра выехалі сябры.

***

Сённяшні інцыдэнт з лідэрам «Маладога Фронту» не першы ў дачыненні да актывістаў моладзевых арганізацый.

19 снежня 2008 года падобны выпадак здарыўся з моладзевым лідэрам Артурам Фінкевічам. Тады, паводле ягоных сведчанняў, Артура схапілі невядомыя, нацягнулі на галаву зімовую шапку і зацягнулі ў мікрааўтобус. Па дарозе хлопца, па яго словах, увесь час збівалі. У выніку Артура прывезлі пад Валожын і выкінулі з аўто.

25 сакавіка 2009 года маладафронтаўцы Наста Палажанка і Дзяніс Карноў былі затрыманыя каля станцыі метро «Каменная горка». Іх сілай закінулі ў машыну, адабралі мабільныя тэлефоны, насунулі на вочы шапкі і павезлі ў Гродзенскім напрамку. Насту высадзілі ў раёне вёскі Тарасава, Дзяніса Карнова адвезлі пад Дзяржынск. Па дарозе яму зрэзалі нажом штаны, збілі, а потым выкінулі з машыны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?