фота - АР

фота - АР

19 карцінаў, сярод якіх працы Ван Гога, Пікаса, Сезана і Гагена , знайшла італьянская паліцыя гэтымі выхаднымі на гарышчы заснавальніка збанкрутаванага канцэрну «Пармалат». Паліцыя ацэньвае, што прыхаваныя карціны маюць агульны кошт 100 мільёнаў еўраў. Сярод знойдзеных твораў: пейзажы Ван Гога, акварэль Сэзана, і шкіца Мадэльяні, зробленая алоўкам.

Паводле папярэдніх ацэнак, Каліста Танцы, заснавальнік «Пармалату» і адзін з тых, хто давёў харчовы канцэрн да банкруцтва ў 2003 годзе, схаваў карціны, каб ухіліцца ад канфіскацыі маёмасці пасля судовага выраку.

Пракурор гораду Парма Джэрарда Лагвардыя кажа, што, грунтуючыся на праслухоўванні тэлефонных размоваў, Танчы меўся неўзабаве прадаць карціну. «Нам пашэнціла: пачуўшы па тэлефоне размову пра адну угоду ад продажы карціны, мы зрабілі ператрус у трох пармскіх кватэрах». Паліцыя не раскрывае, каму былы бізнэсовец меўся прадаць карціну, адно паведамляе, што меркаваным пакупніком мусіў быць расіец, які стала жыве ў Італіі: ён мерыўся купіць карціну Манэ «Скалы ў Парвілі» за 10 мільёнаў еўраў.

Яшчэ даўней, 29 лістапада па італьянскім дзяржтэлебачанні заяўлялася, што Каліста Танцы хавае зборы мастацтва ў сябе дома. Дзень пасля Танцы выступіў з заявай, што «ня мае ніякіх схаваных твораў мастацтва», і адпрэчыў цверджанне, што ён мае нешта на запас каб унікнуць канфіскацыі.

Летась заснавальнік «Пармалату» быў прыгавораны да 10 гадоў зняволення за сваю даўдзельнасць да банкруцтва канцэрну. Нядаўна ён падаў апеляцыю, і цяпер чакаў перагляду сваёй справы. Канцэрн «Пармалат» разваліўся у снежні ў 2003 годзе, калі высветлілася, што сябры кіроўніцкай рада з канца 80-ых падраблялі чэкі. На нейкім этапе выявілася, што большасць чэкаў, якімі валодаў канцэрн, проста нельга абнаявіць, і тады набягло пазыкаў на 14 мільярдаў даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?