Аляксандр Лукашэнка 7 снежня падпісаў указ № 595 «Аб зацвярджэнні найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2010 год», паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Прадугледжваецца, што ў 2010 годзе ў параўнанні з папярэднім рост валавога ўнутранага прадукту складзе 11—13%, прадукцыі прамысловасці — 10—12%, прадукцыі сельскай гаспадаркі — 10—11%, інвестыцый у асноўны капітал — 23—25%.

Прагназуецца, што ў 2010 годзе на экспарт будзе накіравана 52% прыросту вытворчасці прамысловай прадукцыі.

З улікам гэтага аб'ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі павялічыцца на 24—25%, у тым ліку экспарту — на 27—28%, імпарту — на 20—21%.

Рост рэальнай заработнай платы ў 2010 годзе складзе 13—14% пры індэксе спажывецкіх цэн 9—10%. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па народнай гаспадарцы да канца 2010 года дасягне 500 даляраў ЗША ў эквіваленце.

Як зазначае прэс-служба прэзідэнта, у цэлым заданні па прагнозных параметрах на 2010 год устаноўлены «з улікам безумоўнага выканання рашэнняў трэцяга Усебеларускага народнага сходу і дасягнення асноўных паказчыкаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006—2010 гады».

Як вядома, на 2010 год урадам былі падрыхтаваны два варыянты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Гэта базавы варыянт, які прадугледжваў рост ВУП на ўзроўні 2—3%, і мэтавы, які прадугледжваў рост ВУП у межах 11—12%.

На нарадзе 30 кастрычніка Лукашэнка застаўся незадаволены падрыхтаванымі ўрадам дакументамі. «Гэтыя дакументы

нікуды не вартыя.

І не прыдатныя для таго, каб працаваць у наступным годзе напружана. Павінен быць адзін прагноз, адзін план грашова-крэдытнай палітыкі, зразумелы для народа», — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даручыў тады

старшыні праўлення Нацбанка Пятру Пракаповічу і намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леаніду Анфімаву

ўзначаліць дапрацоўку гэтых дакументаў і на працягу месяца іх падрыхтаваць.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што 2010 год павінен стаць этапам аднаўлення хуткага эканамічнага росту: «Нельга забываць, што 2010 год асаблівы — ён завяршае пяцігодку. Ад таго, як у гэты перыяд спрацуем, будзе залежаць дасягненне запланаваных вынікаў і ступень паляпшэння якасці жыцця людзей — усё, што мы абяцалі беларускаму народу».

Варта зазначыць, што паводле вынікаў 10 месяцаў 2009 года Беларусь увайшла ў лік краін СНД, дзе адбылося падзенне ВУП. За студзень—кастрычнік ВУП знізіўся на 1%.

Між іншым, згодна з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2009 годзе чакаўся прырост ВУП на 10—12%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?