Гэта двухсотая частка ад таго, што мелася напачатку савецкай улады: да 1939 году Беларусь была краінай хутароў. Сёньня мы ўзгадваем гісторыю сваёй зямлі, пра якую большасьць пасьпела забыцца...

Актыўнаму адасабленьню сялянскіх двароў садзейнічаў яшчэ Пётар Сталыпін, калі ён нядоўгі час быў губэрнатарам Гарадзеншчыны. А другую хвалю хутарызацыі ініцыявалі камуністы 1920-х гадоў. Вось лёзунг тае пары: «Беларусь у разьвіцьці сельскай гаспадаркі павінна ісьці па шляху Даніі і мусіць стаць Даніяй на Ўсходзе Эўропы!». Але ў 30-х усё пайшло наперакасяк.

Як імкліва разбурае час людзкую памяць: нават 40-гадовыя мае землякі ня могуць прыгадаць, адкуль пасярод поля за Ракузаўкай ўзялася ўжо амаль спарахнелая яблыня, хто пасадзіў яе, калі?.. Паціскаюць плячыма. А між тым тут быў некалі хутар, дзе расла любімы пэдагог некалькіх пакаленьняў вучняў Цішоўскай школы, Валянціна Паўлаўна Нізаўцова. Крыху далей яшчэ адзін – майго дзеда... А ўсяго каля двух дзясяткаў на не такім ужо й вялікім лапіку зямлі. Сёньня ж ва ўсёй нашай Магілёўскай вобласьці засталіся толькі тры хутары. І столькі ж у Гомельскай...

Як расказвае мая настаўніца, разрозьненыя гаспадаркі, якія мясьціліся па ўскрайках лесу, у 1936-м пачалі звозіць у невялічкую суседнюю вёску Ракузаўка. Па вялікім рахунку гэтымі днямі ёй якраз 70 гадоў. Але ніхто й ня думае адзначаць тую дату. Бо ня ведаюць. Валянціна Паўлаўна ўзгадвае: бацькі не хацелі пераяжджаць, і яна, дзяўчынка, моцна зьдзіўлялася: чаму – разам жа будзе весялей!

– ... І дзядзька Антось, сусед, мне патлумачыў: «Мы да волі прывыклі, да свайго... Навошта мне чуць, як Алёшыха будзе сварыцца са сваім?» А падпіты бацька ўвогуле проста плакаў... Мама яму: «Паўка, ня рві сэрца, Богам прашу!» Ён марыў, што нешта пераменіцца, але не дачакаўся...

Бо чарговым разам памяняўся генэральны курс ВКП(б): абвешчаная пры НЭПе палітыка фэрмэрскага вядзеньня беларускае вёскі праз хутарызацыю саступіла ідэі калектывізацыі... Між тым у сярэдзіне 1930-х гадоў амаль кожная чацьвёртая гаспадарка ў БССР мясьцілася на хутарах. І на думку тагачаснага кіраўніка спэцслужбаў таварыша Бермана гэта – цытую – «ёсьць вельмі сур’ёзнай палітычнай і эканамічнай перашкодай».

Размаўляем з кадыдатам гістарычных навук Тацянай Процька, якая дасьледавала той пэрыяд.

– Ці ёсьць у беларускай прыродзе – у натуры беларусаў – цяга да хутарскога жыцьця?

– Цяжка сказаць, генэтычная наша асаблівасьць ці эканамічны стан вымушаў людзей жыць асобна? Але дакладна вядома: ужо да 1918 году існавалі 55 тысяч хутароў.

Гэтая лічба неўзабаве павялічылася амаль учацьвёра. Беларусь на справе капіявала вышэй згаданую Данію. Нават ва ўсходняй частцы краіны. У такіх раёнах, як Амсьціслаўскі, Дрыбінскі, Сеньненскі, Горацкі, Мехаўскі больш за палову сельскіх гаспадарак былі хутарскімі. А ў Лёзьненскім і Сураскім вёсак увогуле практычна ня ведалі... Што да заходнебеларускіх сялянаў, дык да «вызвольнага» паходу Чырвонай Арміі 70 працэнтаў былі хутаранамі. Ураджайнасьць збожжавых яны паднялі да ўзроўню Францыі, а па некаторых іншых паказьніках абганялі і фэрмэраў Злучаных Штатаў. Працягвае Тацяна Процька:

– У 39-м годзе на Беларусі правялі вялікую апэрацыю па ліквідацыі хутароў... Па афіцыйных дадзеных тады вынішчылі болей за 103 тысячы... У адно лета! Гэта ўжо забытая трагедыя беларускіх людзей, памеры якой можна было параўнаць толькі з калектывізацыяй.

Моцны, культурны, самастойны гаспадар на сваёй зямлі не адбыўся – яго пазбавілі роднага хутара. Кінулі ў калгас... Наш, ракузаўскі, назвалі досыць прэтэнцыёзна: «Маяк камунізму». Перагнаць Данію з Амэрыкай бяз Паўла Нізаўцова і майго дзеда, іхных сяброў не атрымалася. Патух маяк...

Збудаваная на хутарскіх папялішчах, вёска сёньня згасае. Хоць да гораду дзясятак кілямэтраў. І любая мая настаўніца, Валянціна Паўлаўна, гады са два таму прадала дом і пераехала ў горад да дочкі... Разважае Тацяна Процька:

– Жыцьцё на хутары – гэта перш за ўсё свабода. Нашыя дзяды перш за ўсё цанілі сваю асабістую волю... І мне падаецца, з вынішчэньнем хутароў мы якраз і страцілі вось гэтае пачуцьцё свабоды, не разумеем таго, што адчувалі хутаране, якія называлі хутары сваёй малой радзімай. Для нас тое – проста прыгожае звыклае выслоўе, для іх – жыцьцёвая філязофія.

Зьнішчыць хутары канчаткова Саветам і партыі ўдалося толькі на Магілёўшчыне ды Гомельшчые: сёньня іх усяго па тры на вобласьць. Для параўнаньня: 446 хутараў выжылі на Віцебшчыне, 434 на Гродзеншчыне, 40 у Менскай і 30 у Берасьцейскай абласьцях.

«Диалог», bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0