15 жніўня палянка ў Бычках ля дома братавай вялікага пісьменьніка, дазорцы хаты-музэя Антаніны Быкавай, як і пазалетась, раськвітнее рознакаляровымі намётамі — мастакі амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі зьбяруцца на ІІ Быкаўскі пленэр. У шэрагу пленэраў, якія ўжо адзінаццаты год праводзіць грамадзкае аб’яднаньне „Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча”, мерапрыемства прысьвечанае выбітнаму беларускаму пісьменьніку набывае сваю асабістую традыцыю.

Пленэр — вынік абяцаньня, якое далі мастакі два гады таму: абавязкова сабрацца ў Бычках сёлета. Пра гэта творчай грамадзе нагадалі старшыня Цэнтру Ада Райчонак, вядомы графік Яўген Шатохін і выбітны майстра жывапісу Алесь Марачкін. Акрамя майстроў алоўка і пэндзля, у сямідзённай акцыі прымуць удзел сястра Васіля Уладзімеравіча спадарыня Валянціна, пісьменьнікі, працаўнікі асьветы і культуры, а на адкрыцьцё абяцалі прыехаць вядомыя літаратары і беларускія барды. У праграме імпрэзы — урачыстая перадача выкупленага ў падарунак музэю прыжыцьцёвага партрэта Васіля Быкава, аўтарам якога зьяўляецца Міхась Моўчан, а таксама прэзэтацыя альманаха-каталёга з творамі маладых і сталых мастакоў ды пісьменьнікаў — удзельнікаў леташняй, прысьвечанай Уладзімеру Караткевічу школкі майстэрства.

Пленэр на Ўшаччыне будзе мець сваеасаблівую адметнасць: мастакі плянуюць папрацаваць у гасьцях у знакамітага беларускага паэты Рыгора Барадуліна, які зараз прабывае ў гарадзкім пасёлку на сваім лецішчы. Магчымасьць стварыць партрэты кандыдата на Нобэля, намаляваць пэйзажы ягоных запаветных куткоў выклікае вялікую зацікаўленасьць. Гэткім чынам, пленэр можна лічыць быкаўска-барадулінскім. І ўдзельнікі акцыі спадзяюцца, што наступныя пленэры ня толькі працягнуць падобную традыцыю, але і падкрэсьляць непарушнае адзінства двух выбітных пісьменьнікаў і блізкіх сяброў.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0