У Беларусі плянуецца цалкам забараніць вонкавую рэкляму піва, алькагольных і тытунёвых вырабаў. Гэтая норма ўтрымліваецца ў законапраекце «Аб рэкляме», які ў панядзелак абмяркоўваўся на пасяджэньні пастаяннай камісіі па жыльлёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі і прыватызацыі Палаты прадстаўнікоў.

Знаёмячы ўдзельнікаў пасяджэньня з законапраектам, намесьнік старшыні камісіі Ганна Бурава адзначыла, што будзе істотна абмежавана і тэлерэкляма піва. Мяркуецца абмежаваць яе выхад у эфір прамежкам часу з 22.00 да 07.00

Такія захады, на думку дэпутата, зьяўляюцца ня больш жорсткімі, чым тыя, што ўжо існуюць. Мяркуецца таксама забараніць рэклямаваць у СМІ замяняльнікі матчынага малака. Гэта норма уводзіцца для падтрымкі праграмы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя аб антырэкляме штучнага выкормліваньня, – зазначыла Ганна Бурава.

У законапраект прапаноўваецца ўвесьці норму, згодна зь якой рэкляма, што трансьлюецца падчас дзіцячых і юнацкіх праграм, мусіць адпавядаць узроставым асаблівасьцям глядацкай аўдыторыі. Больш за тое, паказваць яе можна будзе толькі ў пачатку і канцы тэлеперадачы. Працягласьць такой рэклямы не павінна перавышаць 60 сэкундаў.

Ганна Бурава паведаміла, што законапраект "Аб рэкляме" плянуецца разгледзець у другім чытаньні ў кастрычніку, падчас сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0