Краснае Вілейскага пав. Зладзеі нядаўна ўбіліся ў краму і пачалі там парадкаваць. За сцяной спаў гаспадар — Плотнік; прачнуўшыся, нарабіў ён гвалту і зладзеяў прагнаў. Тады яны паехалі да другога жыда, што дзяржыць рэстаран; выкацілі пачатую бочку з селядцамі; жыд, прачнуўшыся, давай іх даганяць; зладзеі скінулі на ўцеху гаспадару з воза 16 селядцоў, а з рэштай уцяклі.
Замест палітыкі — дысідэнцтва. Падпісанне дамовы аб утварэнні саюза з Расіяй у Мінску адзначылі стыхійнымі пратэстамі. 75 чалавек зранку ў сераду адгукнуліся, перакрыўшы праспект Скарыны жывым ланцугом, трымаючы лозунгі «Рукі прэч ад Беларусі!», «Не — саюзу». Прастаяць атрымалася хвілінаў 10, пасля чаго пад’ехала міліцыя ды адцясніла пратэстантаў. Тым не менш, людзі прызначылі працяг акцыі на пятую вечара.
Працяг акцыі быў у значнай меры сарваны з‑за затрымання намесніка старшыні БНФ Вячаслава Сіўчыка. Тым не менш, у 17.25 праспект зноў перакрылі, але менш чым на паўхвіліны.
Шкада толькі, што палітыкі, замест таго, каб зладзіць буйную акцыю, дамовіўшыся папярэдне, прабіўшыся ў газеты і раскідаўшы ў горадзе ўлёткі, ахвяруюць сабой на акцыях адчаю.