Беларускія праваабаронцы 10 снежня перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з просьбай адмяніць у Беларусі смяротную кару.

Як гаворыцца ў звароце, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захоўваецца смяротная кара, выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

«Смяротная кара мае незваротны характар. Пазбаўленне жыцця не толькі не паправіць учыненага злачынцам дзеяння і не адновіць справядлівасць, але і не зможа прывесці яго да раскаяння, усведамлення сваёй віны. Акрамя таго, нельга выключаць судовых памылак, што пагражае смяротнай карай нявінных людзей — і гэта ўжо было ў гісторыі Беларусі. У выпадку смяротнай кары паправіць судовую памылку і вярнуць жыццё чалавеку немагчыма», — адзначаюць аўтары звароту.

Пад дакументам падпісаліся такія вядомыя ў Беларусі людзі, як старшыня Вярхоўнага Савета 12‑га склікання, генерал‑лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб, вядомыя тэле‑ і радыёвядучыя Зінаіда Бандарэнка, Тамара Лісіцкая і Кацярына Пытлева, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч, Адам Глобус, Андрэй Хадановіч, музыканты Лявон Вольскі, Віктар Рудэнка, Уладзімір Пугач, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, а таксама прадстаўнікі ўсіх праваабарончых арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Усяго зварот падпісалі 35 чалавек.

Як паведаміла праваабаронца Ірына Тоўсцік, кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнай кары» пачалася 26 студзеня. Мэтай акцыі з’яўляецца спыненне прымянення смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. «На працягу года мы не толькі збіралі подпісы вядомых у Беларусі людзей, але і запісвалі відэасюжэты, у якіх яны абгрунтоўвалі неабходнасць адмены смяротнай кары. Мы спадзяемся, што да нас прыслухаецца не толькі Адміністрацыя прэзідэнта, але і парламент Беларусі, куды будзе адпраўлена копія гэтага звароту», — сказала Тоўсцік.

«Мы не гналіся за колькасцю падпісантаў — мы звярталі ўвагу на якасць, на іх вагу ў грамадстве. Я спадзяюся, калі людзі даведаюцца, што іх куміры падпісаліся пад зваротам, яны зменяць сваё стаўленне да смяротнай кары», — адзначыла Тоўсцік.

Паводле яе слоў, галоўная мэта гэтай кампаніі — дамагчыся мараторыю на прымяненне смяротнай кары ў Беларусі, а пасля адмяніць яе наогул.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?