Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні змены і дапаўненні ў некаторыя законы, што тычацца ўзмацнення барацьбы са злачыннасцю.

Падчас абмеркавання гэтага дакумента ў першым чытанні 4 снежня ў дэпутатаў узніклі пэўныя сумневы, бо Закон дазваляе

старшыні КДБ Беларусі, міністру унутраных спраў і кіраўніку дэпартамента фінансавых расследаванняў без санкцыі пракурора праводзіць ператрусы, праслухоўванне тэлефонаў і г д.

Старшыня Камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі казаў, што гэтыя сумневы былі знятыя на пашыраным пасяджэнні Камісіі са спецыялістамі ў галіне барацьбы са злачыннасцю. Гэтае пасяджэнне адбылося паміж разглядам дакументаў у першым і другім чытанні. Магчыма, таму ніякіх прапаноў ад дэпутатаў пасля першага чытаньня, сказаў спадар Гумінскі — не паступала.

Пасля таго як усе 97 дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні, выказаліся за прыняцце гэтага дакумента, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сказаў,

што гэты закон выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве.

Таму ён прапанаваў праз нейкі час прааналізаваць выкананне гэтага дакумента. «Трэба будзе паглядзець, колькі такіх дакументаў падпісалі старшыня КДБ, міністр унутраных спраў, кіраўнік дэпартамента фінансавых расследаванняў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?