Заяву на адрас пракурора Мазырскага раёна 11 снежня накіраваў мясцовы праваабаронца Павел Наздра.

Як паведаміў Наздра, у заяве ўтрымліваецца просьба вынесці пастанову аб забароне адлову і эўтаназіі безнаглядных жывёл у сувязі са шматлікімі парушэннямі.

Свае довады праваабаронца грунтуе на Правілах адлову безнаглядных жывёл, якія, паводле яго меркавання, былі парушаныя камунальнымі службамі.

Павел Наздра ўказвае, што закон прадпісвае рабіць адлоў бяздомных сабак і катоў толькі па заяўках зацікаўленых арганізацый. Актывіст сцвярджае, што гэта правіла не выконваецца.

Таксама не робіцца папярэдняе інфармаванне насельніцтва аб адлове, што рыхтуецца.

Адмяніць эўтаназію жывёл праваабаронца просіць на той падставе, што ўмярцвенне робіцца электратокам, а не хімічнымі і фармакалагічнымі сродкамі, як гэта агаворана ў законе.

Сумесна з грамадскай арганізацыяй «Верныя сябры» Павел Наздра дамагаўся адкрыцця ў Мазыры прытулку для безнаглядных жывёл. Па ўказанні Гомельскага аблвыканкама, куды скардзіўся актывіст, мясцовыя ўлады выканалі гэта патрабаванне.

Аднак праваабаронца сцвярджае, што ў прытулку, які адкрыўся, жывёл утрымліваюць у антыгуманных умовах і дрэнна кормяць. Разабрацца з гэтай сітуацыяй Павел Наздра таксама просіць пракурора раёна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?