Затрыманы ў Тайландзе беларускі грамадзянін не з’яўляецца камандзірам экіпажу самалёта ІЛ‑76, што перавозіў зброю, заяўляюць у МЗС Беларусі.

«Інфармацыя ў шэрагу СМІ пра тое, што згаданы грамадзянін Беларусі нібыта з’яўляецца камандзірам экіпажу гэтага самалёта, не знаходзіць свайго пацверджання», — гаворыцца ў распаўсюджаным 14 снежня каментары для прэсы намесніка начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Марыі Ваньшынай.

Паводле яе словаў, «беларуская дыпламатычная місія ў Ханоі прадпрымае ўсе неабходныя дзеянні па абароне інтарэсаў беларускага грамадзяніна». «У сувязі з адсутнасцю замежнага прадстаўніцтва Беларусі ў Бангкоку гэта работа праводзіцца ў пастаянным кантакце з расійскімі дыпламатамі ў Тайландзе. Такое ўзаемадзеянне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з існуючымі дамоўленасцямі паміж міністэрствамі замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Супрацоўнікі беларускага пасольства ў В’етнаме таксама ўзаемадзейнічаюць з калегамі з дыпламатычнай місіі Казахстана ў Бангкоку», — сказана ў паведамленні.

Адзначаецца таксама, што, па інфармацыі прадстаўніка пасольства Казахстана ў Тайландзе, 14 снежня а 10.00 па тайскім часе адбылося слуханне па справе экіпажу самалёта ІЛ‑76, які ажыццяўляў рэйс з Паўночнай Карэі ў Шры‑Ланку і затрыманага ў аэрапорце Бангкока Донг Мыанг.

Крымінальным судом Бангкока прынята рашэнне прадоўжыць тэрмін утрыманьня пад вартай экіпажу самалёта на 12 сутак. Цяпер адвакат, які прадстаўляе інтарэсы затрыманых, рыхтуе апеляцыю.

Пасольства Беларусі ў Ханоі працягвае адсочваць сітуацыю і прадпрымае ўсе неабходныя намаганні па абароне інтарэсаў затрыманага беларуса. Зараз прапрацоўваецца магчымасць вызвалення ўсіх членаў экіпажу паветранага судна пад заклад, паведаміла Ваньшына.

* * *

Нагадаем, самалёт Іл-76 (бартавы нумар 4L-AWA), зарэгістраваны ў Грузіі, амаль з 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі, быў затрыманы 12 снежня ў Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі.

Мясцовая паліцыя паведаміла, што камандзір карабля Міхаіл Петухоў з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, астатнія члены экіпажу – грамадзянамі Казахстана.

Самаму малодшаму члену экіпажу – 53 гады, самаму старэйшаму – 58.

Зараз затрыманыя ўтрымліваюцца ў бангкокской цэнтральнай турме Клонг Прэм. Членам экіпажу прад'яўленыя абвінавачванні ў незаконным захоўванні зброі, паведамленні ілжывай інфармацыі аб характары грузу і спробе нелегальна правезці зброю праз тэрыторыю Тайланда. Раней паведамлялася, што незаконны груз зброі прызначаўся для Шры-Ланкі і Блізкага Усходу.

Беларус Міхаіл Петухоў, па паведамленні таиландской прэсы, паказаў падчас шасцігадзіннага допыту ва ўпраўленні па барацьбе са злачыннасцю паліцыі Тайланда, што самалёт вылецеў з Украіны і загрузіў зброю на борт у Паўночнай Карэі.

Ён распавёў, што самалёт на шляху ў Пхеньян дазаправлязся ў Азербайджане, затым – у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і Тайландзе. На зваротным шляху меркаваліся дазапраўкі ў Тайландзе і на Шры-Ланцы, пасля чаго груз павінен быў быць дастаўлены ва Украіну. Паводле звестак дзяржаўнага інфармагенцтва Тайланда ТНА, Петухоў адмовіўся даваць больш падрабязныя паказанні паліцыі, заявіўшы, што будзе размаўляць толькі на судзе. Ён настойвае, што нічога не ведаў аб ваенным характары грузу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?