Олівэр Твіст (Oliver Twist)
Вялікабрытанія—Чэхія—Францыя, 2005, каляровы, 135 хв.
Жанр: сямейная мэлядрама паводле аднайменнага раману Чарлза Дыкенза.
Адзнака: 6,5 (з 10).
Калісьці Эйзэнштэйн назваў Чарлза Дыкенза найкінэматаграфічным пісьменьнікам і на прыкладзе «Олівэра Твіста» даказаў, як трапна ангелец стварае саспэнз. Ня дзіва, што майстар саспэнзу Раман Паланскі і Дыкенз нарэшце сустрэліся.
Саспэнз туманам разьліты ў кадры, чвякае гразь пад разьбітымі нагамі, камэра ловіць лахманы жабракоў і страшныя фізіі. Пэрсанажы раману ў фільме набылі гратэскныя рысы з «Жыльца» — але не настолькі, каб палохаць дзяцей. А мэлядраматычны сюжэт не засалодкі, каб адшурхнуць дарослых.
Годнае, касьцюмнае й стрыманае відовішча. Толькі крыху грувасткае — празь вернасьць першакрыніцы. А Бэн Кінгсьлі зьзяе ў ролі злодзея Фэджына.