Уступіў у сілу прысуд, вынесены 48‑гадовай мінчанцы, якая спрабавала перадаць наркатычныя рэчывы сыну, які адбывае пакаранне ў выпраўленчай калоніі ў Івацэвічах.

Пра гэта паведаміла старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці Вольга Дзмітрук.

Маці 12 дзяцей (сямёра з іх непаўналетнія), працавала гардэробшчыцай і дворнікам у Мінску. У ліпені 2009 г. яна прыехала ў калонію на спатканне з 27‑гадовым сынам, які адбывае пакаранне за збыт наркатычных сродкаў. Дарэчы, у гэтай калоніі адбываюць пакаранне трое сыноў асуджанай.

Пры правядзенні асабістага дагляду ў інтымным месцы жанчыны былі знойдзеныя спакаваныя ў гумовы напальчнік наркатычныя рэчывы агульнай вагой больш за 6,8 г (гераін, марыхуана і інш) Наркотыкі прызначаліся для перадачы сыну.

Прыгаворам суда Івацэвіцкага раёна мінчанка прызнана вінаватай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.328 КК Беларусі.

Яна асуджана на восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 11 снежні 2009 года судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда адкінула касацыйную скаргу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?