Дванаццаць футбалістаў зборнай Эрытрэі згубіліся ў Кеніі, паведамляе AFP з спасылкай на генеральнага сакратара Рады футбольных асацыяцый Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі Нікаласа Мунсанье. На мінулым тыдні зборная Эрытрэі прайграла ў ¼ фінала кубка гэтай Рады камандзе Танзаніі й пасля гэтай гульні не вярнулася на радзіму.

Паводле неафіцыйных звестак, эрытрэйскія футбалісты звярнуліся да кенійскіх уладаў з просьбай даць ім прытулак. Паводле слоў Мунсанье, знікненне спартоўцаў стварае кепскае ўражанне пра рэгіён.

Гэта не першы выпадак, калі эрытрэйскія футбалісты ўцяклі з краіны.
У траўні 2006 года чатыры гульцы эрытрэйскага клуба «Рэд Сі» засталіся ў Кеніі пасля матча афрыканскай Лігі чэмпіёнаў з мясцовым клубам «Тускер».

У 2007 годзе ўрад Эрытрэі ўвёў для спартоўцаў патрабаванне пакідаць перад кожным выездам за мяжу заклад у памеры 100 тысячаў накфа (6,7 тысячы даляраў), а за мяжу выпраўляцца ў суправаджэнні афіцыйных асобаў.

Паводле BBC Sport, на радзіму з Кеніі вярнуліся толькі трэнер зборнай Эрытрэі і дзяржаўны службовец, які суправаджаў каманду. Афіцыйна ўлады Эрытрэі абвяргаюць інфармацыю пра ўцёкі гульцоў.

Паводле звестак ААН, сотні эрытрэйцаў уцякаюць з краіны кожны месяц. Крытыкі эрытрэйскага рэжыму сцвярджаюць, што прычыны ўцёкаў — галеча насельніцтва і рэпрэсіўная палітыка ўраду. Улады краіны абвяргаюць усе закіды і вінавацяць ААН у хлусні.

Зборная Эрытрэі займае 151-е месца ў рэйтынгу ФІФА (беларусы, для параўнання, на 80-м). Эрытрэйцы мусілі ўдзельнічаць у адборачным турніры чэмпіянату свету 2010 года ў групе з Тога, Замбіяй і Свазілендам, але зняліся з спаборніцтваў, паведамляе Lenta.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?