Сёньня ў Сочы пачынае працу нефармальны саміт ЭўрАзЭС. У ім бярэ ўдзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. На сустрэчы будуць абмеркаваны пытаньні фармаваньня мытнай прасторы й агульнага энэргетычнага рынку. Менавіта супрацоўніцтва ў паліўна-энэргетычнай сфэры зьяўляецца найбольш актуальным для беларускага кіраўніцтва, бо чакаецца павышэньне цэнаў на расейскі газ. У зьвязку з гэтым Аляксандар Лукашэнка нават скарыстаўся кароткачасовым адпачынкам.

У саміце таксама возьме ўдзел кіраўнік ураду Ўкраіны Віктар Януковіч, які

мае абмеркаваць з расейскім кіраўніцтвам пытаньні паліўна-энэргетычнага супрацоўніцтва й памяншэньня цаны на расейскі газ. Перад ад’ездам у Расею спадар Януковіч выказаўся супраць прыватызацыі газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны – такое, зь ягонага перакананьня, не адпавядае нацыянальным інтарэсам краіны. Віктар Януковіч заявіў: «Колькі я буду працаваць, гэта сыстэма будзе ўласнасьцю Ўкраіны». У праграме візыту Віктара Януковіча не пазначана сустрэча з кіраўніком Беларусі.

Пасьля правалу перамоў пра ўступленьне ў СГА Расея надае асаблівае значэньне гэтаму нефармальнаму саміту ў Сочы.

ЭўрАзЭС – міжнародная эканамічная арганізацыя, у якую ўваходзяць Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан і Ўзбэкістан. Малдова, Украіна й Армэнія маюць статус назіральнікаў. Асноўнай мэтай ЭўрАзЭС ёсьць стварэньне адзінай эканамічнай прасторы. Дамова пра ўтварэньне эўразійскай Эканамічнай супольнасьці была падпісана 10 кастрычніка 2000 году ў Астане. Новае ўтварэньне мусіла спыніць працэс дэзынтэграцыі ў рамках СНД. У 2003 годзе на саміце ў Душанбэ былі прыняты прыярытэтныя накірункі разьвіцьця супольнасьці на 2003–2006 гады. Сярод іх – фармаваньне адзінай мытнай прасторы, узгадненьне тэрмінаў і ўмоў уступленьня ў СГА, разьвіцьцё энэргетычных рэсурсаў і гэтак далей.

Сёлета ў чэрвені ў Менску адбыўся 16-ы саміт кіраўнікоў краін супольнасьці. Старшынства ў гэтай структуры пераняў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Чарговае паседжаньне Міждзяржаўнага савету ЭўрАзЭС заплянавана на 2007 год у Маскве.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0