Жылы комплекс памiж вулiцамi Багдановiча, Архiтэктара Заборскага i Старажоўскай мае паўстаць да сакавіка 2012 г. На набярэжнай у будучыні магчыма з’явіцца «аб’ект культурна-забаўляльнага прызначэння з падземнымі паркоўкамі».

 Катлаван выкапалі амаль як пры будаўніцтве «Сталіцы».

Катлаван выкапалі амаль як пры будаўніцтве «Сталіцы».

 Так комплекс будзе выглядаць з вышыні птушынага палёту.

Так комплекс будзе выглядаць з вышыні птушынага палёту.

 «Аб’ект культурна-забаўляльнага прызначэння з падземнымі паркоўкамі».

«Аб’ект культурна-забаўляльнага прызначэння з падземнымі паркоўкамі».

Фота 1-4 — аўтара, 5-7 — darriuss.livejournal.com

Трапіўшы на будаўнічую пляцоўку на вуліцы Старажоўскай, цяжка пазбавіцца ўражання, што катлаван на месцы будучага гмаху не на шмат меншы за той, што быў нядаўна на месцы падземнага гандлёвага цэнтру «Сталіца» на плошчы Незалежнасці. Працы цягнуцца амаль год — у хуткім часе тут мусіць з’явіцца 23-павярховы жылы комплекс з убудаванымі адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканнямі і гаражом-стаянкай. На беразе Свіслачы, акурат насупраць «Дома на набярэжнай» (Старажоўская, 8), у будучыні магчыма з’явіцца «аб’ект культурна-забаўляльнага прызначэння з падземнымі паркоўкамі», а сам дом можа «падрасці» за кошт новых мансардаў. Замоўцам і генпадрадчыкам будоўлі, якая мусіць скончыцца да сакавіка 2012 г. з’яўляецца ТАА «Трайпл», што належыць Юрыю Чыжу. Забудоўшчыкам выступае ЗАТ «СПС-Плюс». Архітэктарам жылога комплексу на Старажоўскай з’яўляецца Алег Ладкін. Акурат ён разам з архітэктарам Юрыем Грыгор’евым быў аўтарам праекту дома №8 на той жа Старажоўскай, з Грыгор’евым яны праектавалі і будынак НДІ ЭВМ на Багдановіча. Сустракаецца прозвішча архітэктара і сярод аўтараў праектаў станцыі метро «Няміга» і «Трактарны завод».

Дзецішча Ладкіна выклікала пратэст у жыхароў бліжэйшых кварталаў, а таксама ў адмыслоўцаў. «Сваёй празмернай вышынёй i масай гэты комплекс будзе прыгнятаць i прынiжаць усё архiтэктурнае атачэнне, што ўжо склалася», — мяркуе архітэктар Ігар Байцоў. Па яго словах, праект комплексу, распрацаваны УП «ТМ Ладкiна А.А.», быў узгоднены i ў Мiнiстэрстве культуры, i ў Камiтэце архiтэктуры i горадабудаўнiцтва, архiтэктуры i добраўпарадкавання Мiнгарвыканкаму, хоць недапушчальнасць яго з’яўлення на гэтым месцы — рэч відавочная. Дзеля пацверджання гэтых слоў чытаем пастанову Саўміну №578 ад 14 мая 2007 г. зацверджаную ў новай рэдакцыі 3 верасня 2008 г. за №1288. У дакуменце ў пераліку аб’ектаў, што з’яўляюцца матэрыяльна-недатыкальнымі, знаходзім квартал, які прымыкае да Траецкага прадмесця: будынкі і збудаванні, гістарычная планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт ХІХ ст. г. Мінск, на тэрыторыі, абмежаванай з паўднёвага ўсходу — вул. М.Багдановіча, з паўночнага ўсходу — вул. Архітэктара Заборскага, з захаду вул. Старажоўскай. Менавіта на тэрыторыі гэтага кварталу і размясцілася будаўнічая пляцоўка пад будучы гмах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?