Пакатацца на санках і санях, пакоўзацца на каньках вакол ялінкі, пасмажыць шашлыкі, пагрэцца ля сапраўднай печы — гэта і шмат чаго іншага прапануюць беларускія аграсядзібы на зімовыя святы.

 Фота expressnews.by

Фота expressnews.by

Аматарам сустрэць Новы год ва ўтульным вясковым дамку варта паспяшацца. «Не ўгадаў я сёлета з цаной — у мяне дамок на дзесяць чалавек на суткі каштуе мільён рублёў, а ў канкурэнтаў тыя ж паслугі каштуюць ад паўсотні даляраў на чалавека», — кажа гаспадар сядзібы «Ля Свяцка», што за 18 км ад Гродна, Рыгор Яроменка. Ён прапануе гасцям стравы беларускай, польскай і літоўскай кухні. У доме ёсць усе зручнасці. Тым, хто жыве не хлебам адзіным — за якую сотню метраў ад сядзібы знаходзіцца палац Валовічаў XVIII ст.

Родныя куты запрашаюць

Сядзіба «Родны кут» Юліі і Юрыя Бука ў Глыбоцкім раёне, дзякуючы водгукам у прэсе, цяпер не мае праблемаў з наведнікамі. Нагадаем, яны робяць зніжку для беларускамоўных. Сюды можна наведацца пасля 1 студзеня, на зімовыя вакацыі. Цэны ад лета яны не змяніліся — суткі пражывання ў найлепшай з хатак, дзе ёсць санвузел, газавая пліта, лядоўня, посуд і тэлевізар, каштуе 15 тысяч рублёў з чалавека.

Свой «Родны кут» ёсць у Мінскім раёне, у вёсцы Валоўшчына. «На Новы год у нас памяшканне замаўляюць за 2—3 месяцы — і цяпер знялі. Але прыязджайце да нас каву ў любы час», — запрасіў гаспадар сядзібы Уладзімір Судас. Узімку ў ягонай хатцы могуць змясціцца шэсць чалавек. Тут маецца печ з ляжанкай, камін, лазня. Гасцям прапануецца сялянская ежа.

Па мясцінах Івонкі Сурвілы

За 60 кіламетраў ад сталіцы, на мяжы вёсак Зарэчча і Засулле, размясцілася сядзіба «Зарачанскiя Янiны». Для гасцей — двухпавярховы дом з жылымі пакоямі, кухняй, душам, саунай, прыбіральняй і залай з тэлевізарам. Гаспадары пачастуюць мачанкай, бабкай ды іншымі стравамі нацыянальнай кухні. У мастацкай майстэрні кожны ахвочы можа паспрабаваць свае здольнасці.

Ад 3 да 6 студзеня, а таксама пасля 7-га, чакае аматараў вясковага адпачынку сядзіба «Верагі» на Лагойшчыне. На Новы год і калядную ноч сядзібу ўжо занялі. «Арэнда пакояў ад 150 да 250 тысяч», — кажа гаспадар Анатоль.

На каньках вакол ялінкі

Сядзіба «Гасцінны двор» на Быхаўшчыне спецыялізуецца на паляванні. Аднак і для аматараў больш мірнага адпачынку можа шмат чаго прапанаваць: пакатацца на санках і санях, пакоўзацца на каньках вакол ялінкі (каток акурат пачалі заліваць), а то і ў хакей згуляць, паперацягваць канат і на лыжах прабегчыся. У ваколіцах вёскі аднаўляецца жаночы кляштар XVIII ст., дзе знаходзіцца Баркалабаўская цудатворная ікона Божай Маці. Сядзіба з усімі зручнасцямі змесціць да 20 чалавек. Цэны — ад ста тысяч рублёў за пакой на 4—5 чалавек.

«Наш брэнд — кузня і Блакітныя азёры», — кажа гаспадар сядзібы «Трабуцішкі» на Пастаўшчыне Юрый Фурс. Першы навагодні тыдзень забраніравалі за некалькі месяцаў наперад. Гасцей пакатаюць на санях, папараць у лазні, пачастуюць нацыянальнымі стравамі. У ваколіцах ёсць што паглядзець — Лынтупскі і Камайскі касцёлы, панскія сядзібы ў Паставах, Лынтупах, Камарове, старажытныя млыны і дзоты Першай сусветнай, сядзіба вядомага беларускага мастака Альфрэда Ромера.

***

«Ля Свяцка»

Гродзенскі раён, Крулеўшчына, 7

Т.: (44) 772-15-83

e-mail: [email protected]

Рыгор Яроменка

***

«Зарачанскiя Янiны»

Мінская вобласць,

Стаўбцоўскі раён, в. Заречча, вул. Цэнтральная, д.105.

Т.: (29) 643-43-02; (29) 566-43-02

Паваротны Аляксандр

***

«Родны кут»

Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, в.Валодзькава

Т.: (02156) 3-63-57; (29) 109-51-89

Юлія Бука

***

«Родны кут»

Мінскі раён, в.Валоўшчына, зав.Лясны, 2

Т.: (29) 641-47-62

Уладзімір Судас

***

«Верагі»

Мінская вобласць, Лагойскі раён, в.Верагі

Т.: (29) 656-41-34, (29) 274-76-83

***

«Гасцінны двор»

Магілёўская вобласць, Быхаўскі раён, в.Залахвенне, вул.Цэнтральная, 29

Т.: (44) 773-31-37, (29) 740-26-26, (02231) 3-23-05

Міхаіл Дудзікаў

***

«Трабуцішкі»

Віцебская вобласць, Пастаўскi раён, в.Трабуцішкі

Т.: (29) 668-02-77, (29) 553-29-88, (02155) 4-44-32

e-mail: [email protected]

Юры Фурс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?