На навіннай стужцы заўважыў: Расія выдасць 50 мільёнаў даляраў дапамогі выспавай дзяржаве Науру за прызнанне — каго б вы думалі? — Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Вось лічба, якая павінна быць у нататніку кожнага беларускага перамоўшчыка з Масквой.

Патлумачу, чаму. Аб тым, што Расія субсідуе беларускі эканамічны цуд, у Маскве не разважаў апошнімі гадамі толькі лянівы. Разважаў і пытаўся: а ці трэба? А ці не прыйшоў час аддзяліць мух ад катлет?

Аўтарытэтны расійскі аналітык Сяргей Лук’янаў лічыць: калі Расія хоча быць моцнай фігурай на шахматной дошцы сусветнай палітыкі, мусіць фінансава падтрымліваць саюзнікаў. Маўляў, вунь як ЗША субсідуюць Ізраіль! Ці прыслухоўваюцца да меркаваньняў Лук’янава ў Крамлі — невядома. Але само за сябе кажа тое, што нават праз тры гады пасля першага звядзення рахункаў Мінск працягвае (хаця і не без цяжкасцяў) атрымліваць ад Крамля рознага кшталту фінансавыя бонусы. Папулярны расійскі блогер і публіцыст містэр Паркер (Максім Кананенка) паблажліва піша (Владимир Владимирович TM): усё роўна мы іх купім.

У прынцыпе, гэта так. Пытаньні тут толькі два: што «купім» і за які кошт. Вядома, што ў любові за грошы дзейнічае ўніверсальны прынцып: імпатэнт плаціць за паслугі больш, чым прывабны мача (зніжкі апошняму могуць дасягаць 100 адсоткаў).

У інтэрв’юі «Еўраньюз» прэзідэнт Эквадора не збаяўся выступіць у падтрымку Ірана ў сувязі з ядзернай праграмай апошняга. Ён таксама пацвердзіў, што Эквадор чакае ад Тэгерана 100-мільённы крэдыт. Вось так без пяць хвілінаў сусветны ізгой Іран набывае ў крытычны для сябе момант лаяльнасць краіны, прэзідэнт якой хаця і вядомы своім антыамерыканізмам, але ж добра разумее, якім бокам може вылезці гэтае казытанне нервах супердзяржавы.

Міністру замежных справаў Расіі Лаўрову і ягоным падначаленым трэба павучыцца ў сваіх іранскіх калегаў. МЗС краіны «Вялікай васьмёркі» здолеў вытаргаваць лаяльнасць ва ўсіх сэнсах карлікавай краіны (плошча — 21,3 квадратныя кіламетры, насельніцтва — 14000 чалавек, няма нават сталіцы; гэта прыкладна адпавядае нашаму буйному сельсавету) і міжнародная вага якой набліжаецца да абсалютнага нуля, за шалёныя грошы — 3571 даляр на кожнага яе жыхара! Вучыцесь, Кіса! Лаяльнасць Нікарагуа па тым самым пытаньні каштавала Расіі значна больш — крэдыт у адзін мільярд даляраў. Але ж і краіна большая: 5,9 млн жыхароў (гэта значыць усяго па 169 даляраў кожнаму).

Вось у гэтых рамках і павінны ісці перамовы з Масквой.

Насельніцтва Беларусі па дадзеных Белстата складае 9 мільёнаў 663 тысячы 400 чалавек (на 1 верасня 2009 года). Калі прымяняць нікарагуанскую таксу, то крэдыт за паскарэнне працы нацыянальнага сходу па прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі павінен складаць крыху больш за 1 мільярд 628 мільёнаў даляраў (дарэчы, амаль столькі ж і прасілі!). Ну, а калі здолеем даціснуць Крэмль па «схеме Науру», то расійскія фінансы схуднеюць на трыццаць чатыры з паловай мільярды.
І гэта толькі за Абхазію і Асецію! А за РЛС у Баранавічах? А за сумеснае гніццё у акопах?

У любым выпадку, колішняя заява расійскага міністра энергетыкі Сяргея Шматко наконт таго, што ільготныя цэны на нафту захаваюцца толькі ў выпадку ўваходжання расійскай кампаніі ў нафтавую інфраструктуру на тэрыторыі Беларусі, — смеху вартая.

P. S. : І яшчэ адна карысная парада лукашэнкаўскім пермоўшчыкам (з Віктара Шалкевіча): «Не давайся ніколі за так!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?