Большасць сучасных навукоўцаў сыходзяцца калі не ў ацэнцы дзейнасці гэтай асобы, дык адносна фактаў біяграфіі — напрыклад, дня нараджэння. Гісторыкі спасылаюцца на запіс у кнізе рэгістрыцый Успенскай царквы ў Горы — 18 (паводле новага стылю) снежня 1878 года. Але ва ўсіх савецкіх энцыклапедыях, календарах і падручніках у якасці афіцыйнай даты яго нараджэння было пазначана 21 снежня 1879. Згодна з гэтай версіяй сёлета адзначаецца 130 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Джугашвілі.

Аднавокі Цыклоп

2009 год у Расеі прайшоў пад знакам мадэрнізацыі і сталінскага адраджэння. Спачатку на адной са станцый маскоўскага метрапалітэна адрэстаўравалі надпіс на сцяне — радок міхалкоўскага гімна: «нас вырастил Сталин на радость народу». Стары гімн СССР з некаторымі карэктывамі, унесенымі яшчэ пры жыцці адным з яго суаўтараў — Сяргеем Міхалковым, стаў, як вядома, гімнам Расейскай Федэрацыі. А нядаўна камуністы прапанавалі прыбраць з гімна словы пра Бога. Гэта, прынамсі, шчыра.

Бо Сталін для камуністаў заўсёды быў чымсьці большым, чым бог…

Пасля нарадзілася ідэя аднавіць у вестыбюлі станцыі метро статую правадыра, каб аднавіць аўтэнтычны выгляд твора савецкай архітэктуры. Відаць, маскоўскія таварышы, якім давялося бываць у Беларусі, пазайздросцілі помніку, усталяванаму на «Лініі Сталіна». Праўда, там усё ж каменны бюст, а не бронзавы балван.

Прапанова вярнуць метро імя сталінскага наркама Лазара Кагановіча, які непасрэдна кіраваў яго будаўніцтвам, чамусьці падтрымкі грамадскасці не знайшла.

Ветэранская грамадскасць Масквы засяродзілася на барацьбе з журналістам Аляксандрам Падрабінекам. Артыкул былога палітвязня, дзе ён назваў пенсіянераў, што некалі ахоўвалі сталінскія лагеры, а цяпер ганарацца савецкім мінулым, «вертухаямі», выклікаў прыступ масавай істэрыі. Падставай для публікацыі ў Інтэрнэце стала патрабаванне групы пенсіянераў забараніць назву кафэ «Антысавецкае». Калектыўны ліст падпісалі ветэраны вайны і працы начале з колішнім кандыдатам у члены ЦК КПСС Даўгіх, сынам начальніка ГУЛАГа СССР. Так што артыкул трапіў не ў брыво, але ў вока.

Патрыятычная «нашысцкая» грамадскасць зараўла, нібы Цыклоп, у адзінае вока якога трапіла палаючая паходня. Сваім адзіным вокам, скіраваным у мінуўшчыну, расейскі цыклоп бачыць поспехі і дасягненні Сталіна, да якіх залічвае, найперш, перамогу ў вайне і ва ўпор не бачыць яго злачынстваў.

Кароткі курс: тры цытаты

31 кастрычніка, у Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў выклаў у сваім блогу зварот, дзе асудзіў злачынствы Сталіна (праўда, без ужывання ягонага імя).

«Немагчыма ўявіць сабе размах тэрору, ад якога пацярпелі ўсе народы краіны. Ягоны пік прыйшоўся на 1937—1938 годы. «Волгай народнага гора» называў Аляксандр Салжаніцын бясконцы «паток» рэпрэсаваных у той час. На працягу дваццаці перадваенных гадоў знішчаліся цэлыя слаі і саслоўі нашага народу (…)

Давайце толькі ўдумаемся: мільёны людзей загінулі ў выніку тэрору ды ілжывых абвінавачанняў. Былі пазбаўлены ўсіх правоў. Нават права на годнае чалавечае пахаванне, на шмат гадоў іх імёны былі проста выкрэслены з гісторыі».

Недзе пра месяц «адказ Чэмберлену» прагучаў падчас «гарачай лініі» Уладзіміра Пуціна. (Дарэчы, ён быў прадстаўлены ў тэле‑ і радыёэфіры не як прэм'ер‑міністр, а проста і сціпла — як Уладзімір Пуцін).

Паводле яго, нельга ацэньваць Сталіна ў цэлым.

«Відавочна, што з 1924 па 1953 гады краіна, а краінай тады кіраваў Сталін, змянілася карэнным чынам. Яна з аграрнай ператварылася ў індустрыяльную. Праўда, сялянства не засталося… Але індустрыялізацыя сапраўды адбылася». Але галоўнае, — сказаў далей Пуцін — «Мы выйгралі Вялікую Айчынную вайну. І хто б што ні казаў, перамога была дасягнута. Нават калі мы будзем вяртацца да стратаў, вы ведаеце, ніхто цяпер не можа кінуць камень у тых, хто арганізоўваў і стаяў начале гэтай перамогі, таму што калі б мы прайгралі гэтую вайну, наступствы для нашай краіны былі б значна больш катастрафічнымі (…) Рэпрэсіі, тым не менш, мелі месца быць. Гэта факт.

Ад іх пацярпелі мільёны нашых суграмадзян. І такі спосаб кіравання дзяржавай, дасягнення выніку — непрымальны. Безумоўна, у гэты перыяд мы сутыкнуліся не толькі з культам асобы, але з масавымі злачынствамі супраць уласнага народу. Гэта таксама факт».

Трэба заўважыць, што Пуцін не быў надта арыгінальны ў сваіх ацэнках. Дакладней — у сваім нежаданні ацэньваць сталінізм як цэлае. У падобным духу крыху раней за Пуціна выказаўся Аляксандр Лукашэнка ў сваім інтэрвью газеце «Известия» (жнівень 2009). Толькі больш шчыра. «Спрабавалі супастаўляць: Сталін, Ленін, Лукашэнка. Я кажу: «Што вы мяне побач з імі павесілі? Я далёкі ад іх, я не заслугоўваю нават быць на іх узроўні. Па‑рознаму іх можна ацэньваць, але гэта глыбы. Што вы нясеце мой партрэт з імі, гэта вы мяне зневажаеце, людзі ж гэта разумеюць» … Цяпер па‑новаму неяк ацэньваюць Уладзіміра Ілліча, я бачу яго вялікія недахопы, хоць я ў ц э л ы м (разрадка мая — В.Т.;) не накатваю на тое, што было. Іосіф Вісарыёнавіч, наш кіраўнік, Леанід Ілліч Брэжнеў — у іх ва ўсіх было вельмі шмат добрага, але былі і недахопы».

Асобныя недахопы

Адвечнае савецкае — «з аднаго боку, з іншага боку». Нельга ацэньваць у цэлым, нельга выкідаць светлыя старонкі нашага мінулага і ачарняць яго, нельга фальшаваць гісторыю. Між іншым, прэзідэнт ЗША Гары Трумэн, які нарадзіўся ў сям’і звычайных фермераў, не любіў экспертаў‑эканамістаў. Вядома выказванне Трумэна пра тое, што ён хацеў бы мець аднарукага эксперта, бо тыя заўсёды кажуць: з аднаго боку, з другога боку. Відаць, ён не ведаў, што у «дзядзькі Джо» адна рука была сухая. Фактычна, Сталін быў аднарукі. Таму «крок управа, крок улева» лічыліся за ўцёкі. А за гэта расстрэльвалі на месцы.

Многія, напэўна, памятаюць адзін з першых афарызмаў Пуціна, які з’явіўся яшчэ да славутага «мачыць у сартыры» — пра падводную лодку. На пытанне амерыканскага журналіста ў эфіры — што ўсё ж такі здарылася з падлодкай «Курск»? — Пуцін адказаў: «Яна патанула». І тут Пуцін таксама не быў арыгінальным. Сталін, як вядома, таксама любіў афарызмы і цытаты. (Сярод самых знакамітых, напрыклад: «Эх ты, чарнаногая, не ведаеш, дзе лева, дзе права!»)

У снежні 1941 года Сталін і Молатаў сутрэліся ў Маскве з кіраўніком польскага ўрада ў эміграцыі Сікорскім і генералам Андэрсам. У Сікорскага быў спіс каля 4000 польскіх афіцэраў, прымусам вывезеных у Савецкі Саюз у 39‑м. Ён даручыў праверыць, ці не вярнуўся нехта з іх у Польшчу. Выявілася, што ніводзін не вярнуўся, не было іх і ў нямецкіх лагерах ваеннапалонных. У адказ на пытанне Сікорскага — што з імі сталася, Сталін адказаў лаканічна: «Яны ўцяклі!» (Вось яна, школа!) Андэрс запытаўся: куды яны маглі ўцячы? На гэта прагучаў адказ: «Ну, у Маньчжурыю…»

Зразумела, Сталін не мог не ведаць аб рашэнні палітбюро разгледзець справы 14 700 польскіх ваеннапалонных «у асобым парадку», з ужываннем «вышэйшай меры пакарання — расстрэлу». Без прад’яўлення абвінавачанняў.

Сёлета Пуцін, падчас візіту ў Польшчу з нагоды пачатку Другой сусветнай вайны, чарговы раз упусціў магчымасць прынесці прабачэнні палякам ад імя Расеі, якая называе сябе спадкаемцай СССР, за Катынь. Большая частка матэрыялаў следства расейскай пракуратуры па катынскай справе польскаму боку не перададзена. Чаму? Там, нібыта ўтрымліваецца дзяржаўная тайна… Позва аб рэабілітацыі расстраляных у Катыні, пададзеная у адзін з маскоўскіх судоў, была адхілена.

Да гары нагамі

Некаторыя расейскія гісторыкі‑патрыёты заяўляюць, што Катынь была… справядлівай помстай палякам за чырвонаармейцаў, што былі закатаваны ці загінулі ў польскіх лагерах пасля паразы Тухачэўскага ў вайне 1920 года. Не будзем параўноўваць умовы польскіх канцлагераў (напрыклад, той самай Картуз‑Бярозы) з жахамі ГУЛАГу, не будзем параўноўваць і характар незалежніцкай вайны з бальшавіцкай Расеяй ды падзел Польшчы паміж Сталіным і Гітлерам. Але ўзнікае пытанне пра саму этычнасць пастаноўкі пытання.

Нядаўна ў Расеі была ўзбуджана крымінальная справа супраць гісторыка (!) які ў супрацоўніцтве з нейкім нямецкім гуманітарным фондам займаўся высвятленнем лёсаў салдат Вермахта, якія падчас мінулай вайны загінулі ці зніклі бяз вестак у Карэліі. Нават шукаць магілы, каб іх сваякі змаглі амаль праз семдзесят гадоў даведацца, дзе пахаваны іх продкі, паводле логікі расесйскіх уладаў, ёсць дзяржаўным злачынствам. Ці, можа, дзяржаўнай тайнай? Альбо здрадай радзіме?

Тое, што размова ідзе не пра суайчыннікаў, а пра людзей іншых нацыянальнасцяў, у дадзеным выпадку — пра парэшткі былых ворагаў, акупантаў не можа служыць маральным апраўданнем падобнага «патрыятызму». Наадварот — калі не хочаце прызнаць сваёй віны, пакаяцца за злачынствы ўладаў сваёй краіны, за свой народ, дык хаця б дайце іншым народам права пахаваць сваіх загіблых, дайце магчымасць даведацца пра лёс іх суайчыннікаў, праявіце гуманнасць. Ну, хоць бы як пераможцы, якімі вы сябе лічыце.

Не, усе маральныя нормы і запаветы, як і за сталінскім часам, застаюцца перакуленымі. Вось, да прыкладу, Дзмітры Мядзведзеў заяўляе ў тэлеэфіры, што памілаваць Хадаркоўскага ці каго‑небудзь яшчэ можна толькі ва ўстаноўленым законам парадку, калі на тое ёсць юрыдычныя падставы. І быццам не вядома гэтаму юрысту, што памілаванне мае дачыненне не да юрыспрудэнцыі, а толькі да міласэрнасці, чалавечым правам на якую кіраўнік дзяржавы, можа скарыстацца ў любы момант, без усялякіх дарадцаў.

Але ж у Расеі, адрозна ад Беларусі, хаця б забаронена смяротнае пакаранне.

...гэта слова, як з агня

У Беларусі адной са значных падзеяў года абяцала стаць публікацыя ў газеце «Беларусь сегодня» на тэму Курапатаў. Упершыню за шмат гадоў галоўны афіцыёз краіны ўзняў тэму сталінскіх рэпрэсіяў. Але круглы стол на гэтую тэму сапраўднай падзеяй не стаў і працягу не меў, бо дыскусія на старонках газеты звялася, па‑сутнасці, да прапановы паставіць на месцы сталінскіх расстрэлаў сціплы помнік з надпісам «тут пахаваны людзі». Маўляў, усё ўжо даўно вядома, усе дакументы апублікаваны — навошта вяртацца да гісторыі, корпацца ў ёй, высвятляць, хто быў катам, а хто ахвярай? КДБ апублікавала спіс «чэкістаў», якія сталі ахвярамі неабгрунтаваных рэпрэсій. А калі ж будуць апублікаваны імёны дзесяткаў, соцень тысяч рэпрэсаваных пры Сталіне беларускіх сялян, настаўнікаў, дзеячаў навукі і культуры, служачых і святароў? І ці можна сёння з гонарам ужываць слова «чэкісты» — так, быццам нічым не заплямілі сябе Дзяржынскі і яго паплечнікі ў гады «чырвонага тэрору», як быццам Сталін не быў верным прадаўжальнікам справы Леніна? І як доўга яшчэ беларускія гарады будуць упрыгожваць жалезныя і каменныя ідалы камуністычных правадыроў?

Пасля смерці Сталіна прайшло ўжо пяцьдзесят шэсць гадоў. А размовы пра яго ўсё не скончацца. Як быццам не было ні ХХ з’езда КПСС, ні вынасу муміі з маўзалея, ні крушэння камунізму, ні распаду СССР. Нядаўна ў Мінску на з’ездзе новастворанага Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расеі члены чаргінцоўскай арганізацыі браталіся з сваімі маскоўскімі калегамі па цэху. Сярод ганаровых гасцей быў Уладзімір Карпаў — былы першы сакратар СП СССР, аўтар сталінісцкага рамана‑ дылогіі «Генералісімус».

Гадоў дваццаць таму на кароткае імгненне падалося было, што Сталін — гэта персанаж дабіблейнай эпохі, эпохі пірамідаў Хеопса, герой анекдотаў. Але з дагістарычнага часу да нашых дзён зло нікуды не знікла, проста ў розныя эпохі яно набывала розныя абліччы. Часам, калі азіраешся наўкола і бачыш на кожным кроку твар правадыра, лепшага сябра дзяцей і фізкультурнікаў, хочацца крыкнуць: «Сыйдзі..!» Ці запусціць у прывід томам найноўшай гісторыі. Але потым разумееш, гэта не звонку — гэта ўнутры нас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?