Бібліятэка краязнаўчых кніжак папоўнілася новым выданнем. Яго падрыхтаваў і здзейсніў дацэнт‑фізік і вядомы краязнаўца з Брэста Анатоль Гладышчук.

Кніга прысвечаная гісторыі вядомага ў Беларусі роду Урсын Нямцэвічаў і складаецца з мемуараў Юльяна Урсын Нямцэвіча (1758—1841) — палітычнага дзеяча, сакратара‑ад’ютанта Тадэвуша Касцюшкі, пісьменніка; а таксама з раздзелаў, дзе расказваецца пра сённяшні дзень Брэста і ваколіц — мясцін, дзе на працягу стагоддзяў жылі Урсын Нямцэвічы.

Мемуары вельмі жывыя. Аўтар расказвае і пра дзеда Аляксандра з Клейнікаў, у доме якога гасцям падаваліся «боршч, запраўлены смятанай, флякі, смажаніна гусарская і іншыя падобныя прысмакі», і пра тое, як дзед, «пабачыўшы сябе так шматаблічна ў пакаленні нашым адроджаным», вынес са скарбніцы і падарыў кожнаму ўнуку і ўнучцы па 2000 тынфаў, і пра набожнага бацьку Марцэлія, што любіў разам з ксяндзом з Вістыч «пастраляць па ластаўках», і пра найлепшую ў свеце маці Ядвігу… Ёсць у мемуарах і апісанне старога Брэста — таго, што знаходзіўся на месцы сённяшняй крэпасці, цяпер знішчанага.

Жыццё горада было насычаным і складаным: прапаведнікі ў сямі касцёлах дабіваліся, каб «людзі станавіліся лепшымі», хлопчыкі‑габрэі прадавалі паштучна лімоны, і яшчэ заставаліся ў горадзе два майстры, што ўмелі рабіць сагайдакі…

Цікавая глава пра графа Флемінга, які, будучы выхадцам з сям’і, што прыехала ў ВКЛ з Галандыі, шмат зрабіў для пад’ёму гаспадарчага жыцця Брэстчыны. Рэзідэнцыя Флемінга была ў Тэрэспалі, названым так, аказваецца, у гонар Тэрэсы Слушкавай… (А савецкая этымалогія, да слова, выводзіла, што Тэрэспаль названы так таму, што быў «цераз поле» ад Брэста!).

Шмат увагі аўтар аддае тлумачэнню трагічнай сваёй эпохі — часу падзелаў Рэчы Паспалітай… Караль Радзівіл (Пане Каханку), апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, гетман Агінскі і шмат хто яшчэ паўстаюць у мемуарах вельмі выразна…

Мала захавалася ад той эпохі. Толькі панылы дачнік корпаецца на полі, дзе стаяла калісьці капліца Марыі Егіпецкай, дзе была алея драўляных святых. Толькі незразумелая назва Рахвал ды пусты стоўп, прызначэння якога доўгі час ніхто не ведаў, засталіся ад скульптуры святога Рафаіла. Толькі пустыя сцены стаяць на месцы палаца Нямцэвічаў у Скоках, дзе некалі была пастаўленая кропка ў Першай сусветнай вайне. Але ёсць надзея, што, дзякуючы дзейнасці такіх неабыякавых і таленавітых людзей як спадар Гладышчук, гэта ўсё не кане ў бяздонную раку часу.

***

Гладышчук Анатоль. Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі: гісторыка‑дакументальны нарыс — Мінск: Литература и искусство, 2009. — 288 с: іл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?