18 снежня парламент у першым чытанні прыняў папраўкі ў закон аб вайсковым абавязку і службе.

Адно з важных новаўвядзенняў, прадугледжаных у папраўках, — адмена адтэрміноўкі ад прызыву ў армію для завочнікаў, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю.

Выступаючы ў сувязі з гэтай прапановай, дэпутат Уладзімір Здановіч адзначыў, што «Мінабароны, вырашаючы сваю праблему, стварае значныя праблемы Міністэрству адукацыі ў частцы функцыянавання ВНУ і ССНУ». На яго думку, гэту папраўку ў закон трэба дэталёва абмеркаваць і дапрацаваць. «Што лепш для арміі: баец-малалетка, прызваны пасля некалькіх месяцаў вучобы на завочнай форме, або дарослы баец з завершанай адукацыяй больш высокага ўзроўню? Што лепш для эканомікі краіны?» — рытарычна спытаў дэпутат. Ён згодны з тым, што ў Беларусі намецілася тэндэнцыя зніжэння колькасці мужчын прызыўнога ўзросту. «Але гэта не значыць, што зменшылася колькасць мужчын у цэлым, а толькі тых, хто падлягае штогадоваму першапачатковаму прыёму на воінскі ўлік. Ёсць жа яшчэ студэнты ваенных кафедр ВНУ, якіх можна прызваць пасля заканчэння вучобы, каля 14 тыс. студэнтаў штогод адлічаюцца з ВНУ і таксама могуць быць прызваны ў армію», — сказаў У. Здановіч. Ён прапануе «разам з Міністэрствам адукацыі падумаць аб скарачэнні прыёму на завочную форму навучання за плату», а таксама аб тым, каб узмацніць маральную і матэрыяльную зацікаўленасць моладзі ў службе ў арміі.

Законапраектам таксама прапануецца пашырыць катэгорыю асоб, што прымаюць ваенную прысягу. Да іх будуць прылічаны студэнты, якія вучацца па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу.

Згодна з папраўкамі замацавана дадатковае абгрунтаванне, па якому кантракт з ваеннаслужачым, што праходзіць ваенную службу па кантракту, можа быць скасаваны датэрмінова. Як паведаміў на пасяджэнні першы намеснік міністра абароны Пётр Ціханоўскі, прапануецца скасоўваць кантракт за аднаразовае парушэнне яго ўмоў. У прыватнасці, за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане і з’яўленне ў такім выглядзе на службе. Цяпер кантракт можа быць скасаваны толькі пры сістэматычным парушэнні яго ўмоў (за два і больш праступкаў на працягу года).

У новай рэдакцыі закона аб воінскім абавязку і службе ўдакладнены асобныя палажэнні і нормы па пытанню воінскага ўліку і праходжання ваеннай службы.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0