Сенатары сёння на заключным пасяджэнні трэцяй сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі чацвёртага склікання ўхвалілі законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2010 год».

Паводле слоў міністра фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца, які прадстаўляў законапраект, у дакуменце вызначана, што рэспубліканскі бюджэт разлічаны зыходзячы з плануемага рэальнага росту валавога ўнутранага прадукту ў будучым годзе ў памеры 111‑113 працэнтаў адносна ўзроўню 2009 года і паказчыка інфляцыі 9 працэнтаў за год. Даходы кансалідаванага бюджэту на 2010 год прагназуюцца ў аб’ёме Br53 трлн., або 30,4 працэнта да ВУП. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў кансалідаванага бюджэту з’яўляюцца ПДВ, даходы знешнеэканамічнай дзейнасці, падаткі на даходы і прыбытак, якія выплачваюцца арганізацыямі, падаходны падатак, акцызы.

Расходы кансалідаванага бюджэту на будучы год запланаваны ў аб’ёме Br55,7 трлн., або 31,9 працэнта да ВУП.

Даходы рэспубліканскага бюджэту ў 2010 годзе прадугледжваюцца ў суме Br35,6 трлн., або 120,7 працэнта да чаканага выканання 2009 года. Расходы рэспубліканскага бюджэту на будучы год сфарміраваны ў аб’ёме Br38,2 трлн., што на 23,5 працэнта перасягае чаканае выкананне бягучага года.

У 2010 годзе ў мэтах удасканалення падатковай сістэмы Беларусі плануецца адмяніць збор у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі, прадуктаў харчавання і аграрнай навукі, падатак на набыццё аўтатранспартных сродкаў, мясцовы падатак з продажаў тавараў рознічнага гандлю, мясцовы збор з карыстальнікаў за паркоўку.

Для кампенсацыі выпадаючых даходаў бюджэту прапануецца павысіць стаўку ПДВ з 18 працэнтаў да 20 працэнтаў, што забяспечыць дадатковыя паступленні Br1,7 трлн.

Бюджэт 2010 года мае высокую сацыяльную накіраванасць: усяго на гэтыя мэты будзе накіраваны Br41 трлн., што складае амаль 62 працэнты расходаў бюджэту. Адной з асноўных задач у сферы палітыкі расходаў бюджэту будзе захаванне дасягнутага якаснага ўзроўню сацыяльных паслуг, умацаванне дзеючых сацыяльных гарантый, падтрымка рэальнага сектара эканомікі і рэалізацыя праграмы жыллёвага будаўніцтва. Так, на мэты жыллёвага будаўніцтва прадугледжана больш за Br3 трлн. (ільгатаванне працэнтных ставак па крэдытах, фінансаванне будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры, дапамога шматдзетным сем’ям, аднаразовыя субсідыі). Рэальны сектар эканомікі акрамя сродкаў, што застаюцца ў яго распараджэнні ў выніку адмены шэрага падаткаў, з бюджэту атрымае Br830 млрд. дзяржпадтрымкі.

Як паведаміў Андрэй Харкавец, да канца 2010 года сярэдняя зарплата ў бюджэтнай сферы павінна скласці $420.

Забяспечаны рост бюджэтных асігнаванняў па базавых галінах сацыяльнай сферы — ахове здароўя, адукацыі, культуры, спорту і сацыяльнай палітыцы. Расходы бюджэту на адукацыю ў 2010 годзе складуць Br7,6 трлн., на ахову здароўя — Br5,6 трлн. (рост па гэтых дзвюх групах — 107 працэнтаў). Расходы на зарплату работнікаў бюджэтнай сферы, стыпендыі запланаваны з ростам на прагнозны ўзровень інфляцыі (8‑10 працэнтаў), гэта значыць плануецца забяспечыць рэальны ўзровень зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы.

Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту на 2010 год сфарміраваны ў памеры Br2,7 трлн., або 1,5 працэнта да ВУП. Фінансаванне дэфіцыту бюджэту прадугледжваецца за кошт унутраных і знешніх крыніц.

Праект бюджэту ўлічвае патэнцыяльныя рызыкі, якія могуць ускладніць яго выкананне, перш за ўсё ў даходнай частцы. Асцярожнасць заключаецца ў тым, што пры фарміраванні бюджэтных абавязацельстваў на 2010 год былі выкарыстаны такія падыходы, якія дадуць магчымасць пашыраць гэтыя абавязацельствы па меры павелічэння даходаў бюджэту, гэта значыць пры больш высокіх тэмпах эканамічнага росту. Гэта дасць магчымасць мець збалансаваны, устойлівы да знешніх рызык бюджэт, здольны хутка адаптавацца да змяненняў эканамічнай сітуацыі ў краіне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?