У раскошы мінскага гатэля Crown Plaza адбыўся семінар «Універсітэт ХХІ стагоддзя: ідэі і рэалізацыя», прысвечаны абмеркаванню ролі і месца універсітэта ў сучасным грамадстве. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі «Цэнтр сацыяльных інавацый», праектная група Агенцтва гуманітарных тэхналогій, «Адукацыйны цэнтр «ПОСТ», Цэнтр прававой трансфармацыі, «Фонд імя Льва Сапегі» і інш.

Семінар быў падзелены на дзве часткі. Першая была прысвечана абмеркаванню самой ідэі сучаснага універсітэта, другая – арганізацыйным аспектам стварэння сучаснай ВНУ.

Падчас першай часткі прагучаў даклад Уладзіміра Мацкевіча «Думаць Беларусь» як ідэалогія сучаснага беларускага універсітэта». У. Мацкевіч зазначыў, што сучасны універсітэт павінен улічваць і выкарыстоўваць усе сучасныя дасягненні і тэндэнцыі, прымяняць адукацыйныя праграмы, якія будуць кардынальна адрознівацца ад тых, што прымяняюцца ў Беларусі зараз.

«Мы створым універсітэт. Іншая справа, што стварыць ідэальны універсітэт немагчыма. Аднак магчыма наблізіцца да гэтага. БДУ зараз не з’яўляецца універсітэтам. Мы таксама не створым ідэальнага, але будзем да гэтага ісці», – зазначыў сп.Мацкевіч.

Падчас дыскусіі, што пачалася пасля выступу У.Мацкевіча, прагучалі крытычныя водгукі на прапанаваныя ідэі. У прыватнасці, гісторык Захар Шыбека адзначыў, што

«стварыць такі універсітэт (прапанаваны У.Мацкевічам) у Беларусі зараз немагчыма. Трэба шукаць іншыя сродкі. Адзін універсітэт не можа быць панацэяй. Зараз самая важная праблема – праблема вяртання прыватнай уласнасці».

У другой частцы семінара Святлана Мацкевіч прэзентавала арганізацыйныя аспекты праекту універсітэта. Яна адзначыла, што «зараз арганізоўваецца калектыў, які будзе ствараць універсітэт. Каб рэалізаваць такую праграму. Трэба злучыць вялікую колькасць людзей, якія будуць гэта рабіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?