Мінск атрымаў трывожныя званочкі як з захаду, так і з усходу. 17 снежня Еўрапарламент прыняў жорсткую рэзалюцыю па Беларусі. А назаўтра расійскі віцэ-прэм’ер Ігар Сечын даў зразумець, што ў энергетычным супрацоўніцтве ідыліяй і не пахне. Яго заявы можна расцаніць як мягка ўпакаваны ўльтыматум.

Пасля 10 снежня, калі беларуская дэлегацыя шматгадзіннай асадай брала Крэмль на змор, некаторыя аналітыкі загаварылі пра рэнесанс адносін паміж Мінскам і Масквой.

Дзяжурны аптыміст «саюзнага будаўніцтва» Павел Барадзін пусціў пагалоску пра танны газ: маўляў, налета беларусам дадуць яго па старым цэнніку. А беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка анансаваў атрыманне ў 2010-м 8–9 мільёнаў тон бяспошліннай расійскай нафты ды іншыя падарункі ад Крамля. Кшталту аддалення да 2014–2015 года роўнадаходных (чытай: сапраўды рынкавых) цэн на блакітнае паліва.

Увогуле, таго-сягопад выбары Крэмль, здаецца, паабяцаў падкінуць. Але досвед непразрыстых дачыненняў паміж заклятымі хаўруснікамі вучыць не спяшацца з высновамі, пакуль дамоўленасці не зафіксаваны на паперы. Ды і пасля падпісання папер усялякае здаралася: мегатоны саюзнай макулатуры не працуюць.

І вось вам званочак. 18 снежня ў Санкт-Пецярбургу расійскі віцэ-прэм’ер Ігар Сечын фактычна дэзавуяваў калегу Сямашку.

Стары паплечнік Пуціна, чалавек з суровай рэпутацыяй «крамлёўскага нафтавіка», якому цяпер даручана вырашаць энергетычныя пытанні з Мінскам, заявіў журналістам, што яго краіна прапанавала Беларусі бяспошлінна толькі 5–6 мільёнаў тон нафты для ўнутранага спажывання. І баста!

Гэта нават менш, чым прадугледжвалі ранейшыя дамоўленасці, дасягнутыя пасля нафтагазавай вайны на пачатку 2007-га. Звыш таго, паводле Сечына,

з 1 студзеня анулюецца льготнае (з паніжальным каэфіцыентам) мыта на астатнюю нафту для Беларусі (капец афшору!). Дый газ хаця і ненашмат, але падаражэе.

Вось табе, бабуля, і Юр’е!

Вожыку зразумела, што Масква калі і абяцала прымальныя цэны на энергарэсурсы, то зусім не за прыгожыя вочкі. Нездарма Лукашэнка пасля візіту ў белакаменную маўчыць як рыба. Пра трыўмф, будзьце ўпэўнены, мы б ужо ведалі. А так выглядае на тое, што падкінута задачка больш складаная за японскі сканворд.

У прыватнасці, не сакрэт, што расійцы хочуць улезці ў беларускую нафтанку. Тутэйшае ж кіраўніцтва, здавалася б, і не супраць збыць хваткім усходнім партнёрам частку фамільнага срэбра (кшталту акцый комплексу «Нафтан-Палімір»). Але звыкла загінае пальцы, выстаўляючы веер крутых умоў. Масква ж, натуральна, збівае цану. Акрамя таго, яна не супраць завалодаць кантрольным пакетам «Белтрансгаза».

Такім чынам, беларускаму боку выкручваюць рукі. А прэферэнцыі, аб якіх раструбілі вестуны-аптымісты, яшчэ віламі па вадзе напісаныя.

З іншага боку, у Еўразвязе, падводзячы вынікі года новай, гнуткай палітыкі ў беларускім пытанні, крыху збянтэжана чухаюць рэпу. Бо жаданы дэмакратычны прагрэс у тутэйшым быцці могуць разгледзець хіба што цераз ну вельмі моцную лупу. Карацей,

на фоне ранейшага птушынага шчабятання еўрачыноўнікаў Еўрапарламент узяў дый выдаў на-гара дастаткова непрыемную для беларускіх улад рэзалюцыю.

На фінішы года ў дыялогу Мінска з Бруселем павеяла ледзяным холадам. Прычым, як выказаўся еўрапарламентар Яцэк Пратасевіч, «маразы ў Еўропу прыйшлі з усходу».

Палітолаг Валер Карбалевіч схіляецца да высновы, што

нават бутафорскай лібералізацыі ў краіне наступае канец. Год выбараў: тут ужо не да рэверансаў перад заходнікамі.

Сапраўды, ёсць сімптомы. З рэзкай заявай — маўляў, няма чаго той Еўропе спрабаваць нас нахіляць, накідаючы сваю трактоўку дэмакратыі — выступіў нядаўна кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей. Той, каго ЕС лічыў якраз архітэктарам дыялогу з гэтага боку.

І вось свежая заява дэпутата Сяргея Маскевіча: Палата прадстаўнікоў лічыць дыскрымінацыйным прапанаваны Еўрапарламентам парадак фармавання беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце (хто не ведае: так паэтычна назвалі задуманую парламенцкую асамблею «Усходняга партнёрства»). Каса на камень?

«Для Мінска вельмі непажадана ў год выбараў апынуцца паміж расійскім молатам і заходнім кавадлам, — гаворыць беларускі палітычны аналітык Андрэй Фёдараў. — Складваць яйкі ў адзін толькі крамлёўскі кошык кіраўніцтва Беларусі не стане».

Паводле яго прагнозаў, масты ў дачыненнях з Еўразвязам спальвацца не будуць. І пэўныя дробныя ўступкі заходнікам у 2010 годзе ўсё ж магчымыя. Ну, скажам, прапусцяць 10–20 апазіцыянераў у перыферыйныя мясцовыя саветы. У той жа час, магчыма,

давядзецца «праз не хачу» ахвяраваць штосьці і Маскве, лічыць эксперт.

Канечне, распродаж фамільнага срэбра небяспечны. Расія ціхай сапай укараняецца ў беларускую эканоміку ўсё глыбей. Звыш таго, прыватызацыя, раставанне айсберга дзяржаўнай уласнасці — гэта само па сабе ёсць стратай звыклага базісу для беларускай адміністрацыйнай сістэмы. Але

давядзецца ахвяраваць часткамі дзеля цэлага. Так яшчарка адкідвае хвост, каб ацалець у прынцыпе. Звышзадача ж беларускага рэжыму — самазахаванне ў персанальным абліччы.

Зрэшты, і тут час няўмольны. Персаналіі не вечныя, колькі ні перарабляй пад сябе Асноўны ды іншыя законы. Як адзначае Віталь Сіліцкі, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, ужо сама праблема перадачы ўлады па меры актуалізацыі будзе падштурхоўваць да дрэйфу ў бок больш тонкіх унутрыпалітычных механізмаў. Да нейкага варыянту кіраванай дэмакратыі.

Галоўны ж вораг міфалагізаванай «беларускай мадэлі» — эканоміка з яе няўмольнымі законамі.

Свежыя заявы Сечына — лішняя прыкмета таго, што Расія мае намер патрабаваць мноства канкрэтных паслуг, вялікіх і малых, за кожны скормлены вітамін. Дурніцы не будзе адназначна.

Расійскія тузы памятаюць, як ім тут шмат чаго абяцалі яшчэ перад пазамінулымі выбарамі, а потым рабілі прастадушны твар: ды не, вы нас не так зразумелі! Цяпер будуць прэсінгаваць без папярэдняй аплаты.

Можна, канечне, на радасць электарату надрукаваць некалькі лішніх вагонаў грошай-фанцікаў пад выбары. Але потым гэта вылезе бокам.

Крэдыты? Дык ужо набегла 20 мільярдаў долараў сукупнай замежнай запазычанасці, і зараз ракавай пухлінай папруць выплаты па працэнтах.

Ніякі мытны звяз не дапаможа збываць у ранейшых аб’ёмах на ўсходнія рынкі прадукцыю нашых монстраў сацыялістычнай індустрыі. Кайф на расійскай энергаіголцы таксама вылазіць бокам: мы ўсё больш адстаём ад свету тэхналагічна.

Увогуле, хаця на сёння ў краіне ўсё схоплена, новая кадэнцыя абяцае вялікія галаўныя болі афіцыйнаму лідэру Беларусі. Зрэшты, як і яго цярпліваму народу.

Ва ўсякім разе,

наверсе нутром чуюць, што складваць палітычныя яйкі ў адзін кошык надта неабачліва. Давядзецца, халера, вылічваць прапорцыі.

Аляксандр Класкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0