Выстава «Навагодні кірмаш» пройдзе ў Мінску з 23 па 31 снежня. Яе ладзяць выставачныя кампаніі «Экспафорум» і «Белэкспа».
Паводле інфармацыі арганізатараў, гандлёвыя рады больш як 180 прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў размесцяцца
на двух паверхах выставачнага комплексу на вуліцы Янкі Купалы, 27.
Наведнікі змогуць набыць прадметы навагодняга дэкору: свечкі, гірлянды, хлапушкі, ёлачныя цацкі, ёлкі. Будуць таксама прапанаваны ўпрыгажэнні з натуральнага каменю, падарункавыя наборы касметыкі, жаночыя сумкі і шалікі, трыкатаж, галаўныя ўборы, кухонны посуд, вазы, падсвечнікі.
Пакупнікі таксама змогуць набыць падарункі для дзяцей — лялькі, робаты, цацкі для развіцця, дзіцячую касметыку і галантарэю, кнігі, спорттавары, разнастайныя рэбусы і галаваломкі.
Як заўсёды на такіх мерапрыемствах асобная пляцоўка на выставе прадугледжана для святочных выступленняў Дзеда Мароза і Снягурачкі.
Уваход на выставу вольны, час працы — з 11.00 да 20.00.
У межах выставы прадугледжаны святочныя праграмы для дзяцей і дарослых. Так, на навагоднім «DISKO‑БУМе» выступяць лепшыя дыджэі сталіцы, адбудуцца розыгрышы і святочны феерверк. Праграма пройдзе: 23 і 24 снежня ў 12.00 і 15.00 — для вучняў 5—6‑х класаў; у 18.00 — для вучняў 7—8‑х класаў. Цана білета — 15 тыс. рублёў.
Апрача гэтага, арганізатары абяцаюць інтэрактыўны паказ «Парад супергерояў» з удзелам Бэтмена, Жанчыны‑коткі, Чалавека‑павука і іншых персанажаў. Для кожнага дзіцяці запланаваны сюрпрыз, адбудуцца розыгрышы прызоў і навагодняя ёлка з Дзедам Марозам. «Парад супергерояў» можна будзе наведаць з 25 па 30 снежня, а таксама 3 і 4 студзеня, пачатак паказаў — у 11.30, 13.30 і 18.00. Кошт дзіцячага білета — 20 тыс., дарослага — 10 тыс. рублёў.