Губернатар Санкт‑Пецярбурга Валянціна Мацвіенка сёння наведае з візітам Беларусь.

У ходзе візіту адбудзецца сустрэча Валянціны Мацвіенка з прэм’ер‑міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім. Пройдзе таксама пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт‑Пецярбурга.

Як паведамілі ў прэс‑службе Міністэрства замежных спраў, у склад дэлегацыі паўночнай сталіцы Расіі ўвойдуць таксама віцэ‑губернатар Міхаіл Асяеўскі, кіраўнікі камітэтаў Санкт‑Пецярбурга, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

Прадстаўнікі дзелавых колаў правядуць перагаворы па канкрэтных напрамках узаемадзеяння ў міністэрствах і канцэрнах Беларусі, наведаюць шэраг прадпрыемстваў і арганізацый.

У ходзе пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва будуць разгледжаны вынікі гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва і выканання дамоўленасцей паміж урадам Беларусі і ўрадам Санкт‑Пецярбурга Расійскай Федэрацыі ў 2009 годзе.

Плануецца абмеркаваць напрамкі супрацоўніцтва навуковых арганізацый Беларусі і Санкт‑Пецярбурга па лініі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі і Камітэта па навуцы і вышэйшай школе Санкт‑Пецярбурга, навукова‑вытворчых аб’яднанняў Беларусі і Санкт‑Пецярбурга.

Акрамя таго, бакі плануюць разгледзець вынікі і перспектывы супрацоўніцтва ў сферы развіцця кааперацыйных сувязей, стварэння сумесных зборачных вытворчасцей, дылерскіх і сэрвісных цэнтраў, паставак транспартнай, камунальнай і дарожна‑будаўнічай тэхнікі, прадукцыі сельгасперапрацоўкі, харчовых і спажывецкіх тавараў, а таксама пытанні развіцця тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў у Санкт‑Пецярбургу, стварэння сеткі магазінаў крокавай даступнасці «Беларускі гасцінец» і выставачна‑кірмашовай дзейнасці.

Тавараабарот Беларусі і Санкт‑Пецярбурга ў студзені‑кастрычніку 2009 года склаў $802,3 млн. (4‑е месца сярод рэгіёнаў Расіі) і скараціўся ў 1,8 раза ў параўнанні з адпаведным перыядам 2008 года. Экспарт Беларусі склаў $465,9 млн. (3‑е месца) і зменшыўся — у 1,6 раза, імпарт — $336,4 млн. (5‑е месца), знізіўся ў 2,1 раза. Знешнегандлёвае сальда склалася дадатнае ў памеры $129,5 млн. і павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам 2008 года ў 3,2 раза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?