Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзія Ярмошына ў інтэрвію газэце «Звязда» (16 жніўня 2006) заявіла, што гаворкі аб правядзеньні датэрміновых выбараў не ідзе наагул. Нагадаем, што апошнія месяцы на старонках і сайтах недзяржаўных СМІ раз-пораз зьяўлялася інфармацыя пра імаверны перанос выбараў на восень.

Лідзія Ярмошына зазначае, што прэрагатыва вызначаць выбары дэпутатаў мясцовых саветаў належыць выключна прэзыдэнту: «Гэта адзiная службовая асоба Беларусi, якая мае права вызначаць дату выбараў, выдаўшы адпаведны ўказ». Згодна з заканадаўствам, указ павінен зьявіцца за тры месяцы да ўсталяваных тэрмінаў выбараў. «Папярэдне вызначаная дата выбараў – 14 студзеня 2007 г. Гэта выбары не датэрмiновыя, бо апошняя магчымая дата правядзеньня выбараў – 28 студзеня. Апошнiя мясцовыя выбары адбылiся 2 сакавiка, а таму да 2 лютага (за месяц да сканчэньня паўнамоцтваў – НН) яны павiнны прайсьцi зноў. На 28 студзеня якраз-такi i прыпадае апошняя нядзеля», – тлумачыць кіраўнік Цэнтарвыбаркаму.

«Аб датэрмiновым правядзеньнi выбараў размова не iдзе ўвогуле, – падкрэсьлівае Лідзія Ярмошына. – Нават калi выбары будуць праходзiць 14 студзеня, то яны павiнны быць прызначаны да 13 кастрычнiка (калі 30 лістапада, указ мусіць зьявіцца да 30 жніўня – НН). (...) Ссоўваць правядзеньне выбараў, напрыклад, на канец сьнежня няма нiякага сэнсу. Пры прызначэньні выбараў улiчваюцца самыя розныя абставiны: наяўнасьць сьвятаў, адпускнога пэрыяду, магчымасьць правядзеньня выбараў у аптымальныя тэрмiны. Правядзеньне выбараў напярэдаднi Новага года мы лiчым справай правальнай, бо ў гэты час людзi займаюцца зусiм iншымi справамi».

Кіраўнік Цэнтарвыбаркаму прагназуе, што цікавасьць да мясцовых выбараў будзе меншай, чым да прэзыдэнцкіх: «для ўладаў быў бы дрэнны сымптом, калi б было iнакш».

Апроч таго, Лідзія Ярмошына амаль ня верыць у тое, што прадстаўнікі палітычных партый маюць шанцы на абраньне ў мясцовыя дэпутаты: «яны пакуль ня здолелi пераадолець дастаткова халоднага стаўленьня да iх грамадзтва», у адрозьненьне ад сябраў ФПБ і БРСМ, якія «змогуць арганiзаваць добрую падтрымку кандыдата».

«Практычна ўсе зноў абраныя дэпутаты мясцовых Саветаў, – лiчыць Лідзія Ярмошына, – будуць чальцамі прафсаюзу».

Цалкам тэкст інтэрвію

Дадамо, што правядзеньне выбараў абыйдзецца у 28,4 млрд рублёў (прэзыдэнцкія каштавалі 22 млрд.)

Палітычныя партыі па-рознаму ставяцца да будучай выбарчай кампаніі. ПКБ (калякінцы), АГП і БСДП «Г» (казулінцы) падпісалі пагадненьне аб супрацы – то бок яны ідуць на выбары адной калёнай.

КХП-БНФ адмовілася ад удзелу ў выбарах. На сойме партыі, што прайшоў 13 жніўня ў Менску, нават была прынята адпаведная заява: «Не галасаваць для дыктатуры, а яднацца за Беларусь». У заяве, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца:

«Гэта ніякія ня выбары. (...) Удзел людзей у галасаваньні рэжым скарыстоўвае ў сваіх інтарэсах. Неабходна рыхтавацца да грамадзянскага змаганьня. У дзень галасаваньня трэба ісьці не на выбарчыя ўчасткі галасаваць, а на вуліцы і плошчы, яднацца ў пратэстах і дзеяньнях. Тады выявяцца і будуць сапраўдныя беларускія змагары і сапраўдныя беларускія арганізатары» Тэкст заявы

Ня верыць у «нармальнае» правядзеньне выбараў і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. У інтэрвію «Радыё Рацыя» 15 жніўня ён заявіў, што «ні ў якім разе нельга (...) гуляць паводле правілаў рэжыму. Ні адзін кандыдат на мясцовыя выбары ня будзе ўладамі бязь зьмены агульнай атмасфэры ў краіне прапушчаны. Трэба мяняць атмасфэру ў краіне і трэба гаварыць перадусім не пра асфальт і лямпачкі, а пра першапрычыны тых праблемаў, якія сёньня перажывае Беларусь»