24.12.2009 / 13:08

Праўда Божага Нараджэння — нязменная праўда ў зменлівасці сучаснага свету 1

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Нараджэнне Пана 2009 года.

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Нараджэнне Пана 2009 года.

«Абвяшчаю вам вялікую радасць:
нарадзіўся сёння Збаўца,
якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10—11)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтымі ўрачыстымі словамі Анёла ад усяго сэрца вітаю вас і віншую з радаснай і збаўчай урачыстасцю Нараджэння Пана. Падзея, якая адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлееме, на самай справе стала пераломным момантам у гісторыі чалавецтва, якое чакала свайго збаўлення. Нараджэнне Езуса Хрыста — пачатак ажыццяўлення гэтага збаўлення, якое завяршылася крыжовай смерцю Збаўцы і Яго хвалебным уваскрасеннем. Гісторыя Езуса Хрыста, пра якую напісана ўжо вельмі шмат і пра якую будуць пісаць да канца часоў, — гэта гісторыя праўды і гісторыя жыцця ў праўдзе Божай, якою Ён адарыў усё чалавецтва.

Кожны год мы адзначаем гэтае свята. Кожны год спяваем радасныя калядкі, у якіх у простых і зразумелых адлюстравана найглыбейшая тэалагічная праўда пра цудоўнае Божае ўцелаўленне. Кожны год мы дасылаем святочныя пажаданні блізкім і дарагім нам асобам. Кожны год уцелаўленне Пана заклікае нас саміх змяняцца да лепшага. Але не дастаткова толькі святкаваць успамін нараджэння Езуса Хрыста — трэба жыць праўдаю таямніцы Уцелаўлення, трэба, каб Бог сваёю ласкаю нарадзіўся ў нашых сэрцах і праз гэта нас абагавіў. Кожны год уносіць таксама і штосьці новае ў святкаванне Божага Нараджэння. Гэта перадусім звязана з канкрэтнай сітуацыяй, у якой жыве чалавек, з выклікамі часу, на якія трэба адказваць.

2. Адным з такіх выклікаў з’яўляецца неабходнасць даць адказ на цывілізацыю акультызму, міфаў, міражоў і ілюзій, якая ўсё больш распаўсюджваецца ў сучасным свеце.

Праблема ў тым, што наш час можна назваць эпохай легкавер’я. Рэклама, якой становіцца ўсё больш, абяцае лёгкае шчасце. Многія адварочваюцца ад хрысціянства і пачынаюць верыць у магію, звяртацца да акультных практык і падобных сумніўных сродкаў для дасягнення хуткага і лёгкага шчасця. Не вельмі дапамагае і адукацыя, бо, як паказвае вопыт, на гэты небяспечны шлях становіцца таксама нямала людзей высокаадукаваных.

У такім псеўдаінтэлектуальным клімаце, што характарызуецца недахопам крытыцызму і наіўнасцю, шырока распаўсюджваюцца розныя міфы, якія, выціскаючы хрысціянскую праўду з грамадскага і нават з прыватнага жыцця, навязваюць чалавеку скажоны светапогляд і падмяняюць сэнс чалавечага існавання. Не што іншае, як прыгожы міф, спараджае веру ва ўсемагутнасць навукі і тэхнікі, у неабмежаваную свабоду чалавека, беспамылковасць дэмакратыі, магчымасць пабудаваць рай на зямлі… З’яўляецца таксама і вера ў магчымасць хутка вырашыць абсалютна ўсе праблемы, або вера ў магію і чары. Яскравым прыкладам гэтага могуць быць шарлатанскія спробы лячэння з дапамогаю тэлепатыі або цынічнае абяцанне ўваскрасіць дзяцей, якія загінулі падчас тэрарыстычнага акту ў расійскім горадзе Беслане.

3. Касцёл, аднак, цвёрда стаіць на хрысціянскіх пазіцыях і абараняе іх.

Ён таксама заклікае да зберажэння сапраўдных духоўных каштоўнасцяў як каштоўнасцяў асноватворных, на якіх неабходна будаваць жыццё.

Трэба ўсвядоміць нарэшце, што не грамадская думка і нават не парламенцкая большасць вырашаюць, што ёсць праўда, а што — не, бо на самай справе праўда ніякім чынам не залежыць ад колькасці людзей, якія яе прымаюць Яшчэ агностык Пілат з горкім сарказмам пытаўся ў Хрыста: «Што ёсць праўда?» (пар. Ян 18, 38). Хрыстус жа кажа, што менавіта Ён і ёсць праўда, дарога і жыццё (пар. Ян 14, 6).

4. Сёння існуе тэндэнцыя прымаць усё новае як лепшае. Несумненна, развіццё навукі, новыя тэхналогіі і новы стыль жыцця нясуць у сабе нямала пазітыўнага і спрыяюць развіццю чалавека і паляпшэнню яго існавання. Аднак праблема ў тым, што іх выкарыстанне не заўсёды адпавядае маральным нормам. Больш за тое, шмат людзей слепа вераць у збаўчую сілу дасягненняў сучаснасці. Сёння ў рэкламе можна пачуць, што адразу стане шчаслівым той, хто пачне спажываць прадукты, зробленыя па сучасных тэхналогіях, будзе карыстаецца новамоднымі касметычнымі распрацоўкамі або купліць дарагі аўтамабіль самай апошняй маркі. І гэтая масіраваная рэкламная атака паступова стварае ў чалавека, асабліва маладога, перакананне ў тым, што шчасце можна купіць, а гэта вядзе да вельмі небяспечнай высновы, што за грошы можна ўсё.

Змяняюцца таксама погляды на каштоўнасць чалавечага жыцця і маральнасць, у выніку чаго распаўсюджваецца маральны рэлятывізм. Усё большай папулярнасцю карыстаюцца тыя, хто пад выглядам сучаснага падыходу да жыцця адкрыта прапагандуе карыстанне кантрацэптыўнымі сродкамі, дасужэнскія і пазасужэнскія сексуальныя сувязі, разводы, гомасексуальныя і свабодныя саюзы, аборты, эўтаназію, эксперыменты, якія вядуць да забойства чалавечых эмбрыёнаў і падобныя рэчы. Больш сучаснымі, а таму і лепшымі, лічацца разводы, а не сужэнская вернасць, свабодныя саюзы, а не сакрамэнтальнае сужэнства, выхаванне дзяцей адным з бацькоў, а не ў поўнай сям’і.

Ці можна сумясціць сучаснасць з евангельскім радыкалізмам? Можна! Усё залежыць ад чалавека, бо можна жыць сучасным прагрэсіўным жыццём і пры гэтым захоўваць вернасць Божаму Закону.

Практыка штодзённага жыцця паказвае, што безапеляцыйнае прызнанне ўсяго больш сучаснага сінонімам сапраўднага дабра без захавання маральных нормаў з’яўляецца вялікай памылкай і ілюзіяй. Людзі, якія так лічаць, жывуць з мэтай, каб як мага больш мець, а чалавечую каштоўнасць вымяраюць памерам набытку, банкаўскага рахунку, магчымасцю адпачываць на элітных курортах і валоданнем іншымі матэрыяльнымі дабротамі. Такім чынам, становячыся нявольнікамі спажывальніцтва і падпарадкоўваючы сваё быццё матэрыялістычнай ментальнасці, яны ствараюць сабе фальшывага бога. Такое ідалапаклонніцтва, пазбаўляючы людзей сапраўднай свабоды і зводзячы іх да набыўцоў і спажывальнікаў, пераварочвае першапачатковы створаны Богам парадак з ног на галаву.

Сёння мы таксама з’яўляемся сведкамі экалагічнага крызісу, выкліканага амаральным падыходам да асваення прыродных рэсурсаў. Іх несправядлівае выкарыстанне, у сваю чаргу, вядзе да ўзбагачэння адносна невялікай колькасці людзей у прамыслова развітых краінах за кошт усяго астатняга чалавецтва.

Гледзячы на сучасны свет можна сказаць, што амаральнасць у ім стала сапраўды грамадскай праявай, а рэлігійнасці імкнуцца надаць статус прыватнай справы чалавека або нават зусім выключыць яе з жыцця.

5. У такой складанай сітуацыі трэба ўмець убачыць двухсэнсоўнасць прагрэсу. Сапраўды, новыя адкрыцці даюць новыя магчымасці для дасягнення дабра, аднак у той жа час і правакуюць зло. Папа Бэнэдыкт XVI сцвярджае, што ўсе мы сталі сведкамі таго, як прагрэс у несправядлівых руках становіцца жудасным прагрэсам на шляху зла. Калі тэхнічнаму прагрэсу не адпавядае прагрэс у этычным выхаванні чалавека, у яго духоўным узрастанні, то гэта не прагрэс, а пагроза для чалавека і свету (пар. Spe salvi 22).

Найлепшым доказам таго, што сам па сабе прагрэс без духоўнага складальніка не вядзе людзей да сапраўднага, поўнага шчасця, з’яўляецца сучасны эканамічны крызіс.

Больш за тое, узнікае няроўнасць сярод людзей і рост беднасці, што пагражае дэмакратыі і мае негатыўны ўплыў у эканамічнай сферы, — навучае Святы Айцец (пар. Сaritas in veritate 32).

Сама па сабе вера ў прагрэс і імкненне да багацця без духоўнага элементу не збавяць чалавека і не зробяць яго шчаслівым. Калі няма веры ў Бога, то прагрэс, падпарадкаваны толькі чалавеку, не будзе служыць яму, а наадварот, стане пагрозай. Сапраўдны прагрэс патрабуе Бога і распазнання ў чалавеку Божага вобраза. Толькі тады ён не будзе зведзены да тэхнічных аспектаў жыцця чалавека, але стане спосабам рэалізацыі дадзенага яму Богам паклікання (пар. Caritas in veritate 16).

6. Сёння мы разважаем пра цуд Божага Уцелаўлення, які адбыўся ў Бэтлееме. Ні Марыя, ні Юзаф не шукалі шчасця ў дамінуючых тэндэнцыях тагачаснага свету, у якім таксама існавала імкненне да поспеху і багацця. Пра іх мы ведаем, што яны былі беднымі людзьмі і на жыццё зараблялі працаю сваіх рук. Нават для нараджэння Сына яны не маглі знайсці годнага месца, і Ён нарадзіўся ў простай стайні.

Аднак — і гэта трэба падкрэсліць — менавіта ў Бэтлееме, у беднай сям’і, свет убачыў уцелаўлёнага Бога — доўгачаканага Збаўцу, найвялікшую каштоўнасць. Вось у чым праявілася сапраўдная радасць і шчасце, якія немагчыма набыць нават за ўсе скарбы свету. Сапраўды, Божая моц і слава праяўляюцца ў прастаце і слабасці (пар. 2 Кар 12, 9).

З вышыні неба Бог у Бэтлееме сышоў на зямлю і ўвайшоў у гісторыю чалавецтва, стаў прысутным сярод людзей, стаў тым, хто дзейнічае і церпіць у гісторыі, каб узнесці чалавека ўгору.

Народжаны ў Бэтлееме Сын Божы — гэта не міф, не ілюзія, а рэальнасць, дзякуючы якой Бог у чалавечым вобразе ўвайшоў у гісторыю чалавецтва, каб яго збавіць і даць магчымасць чалавеку зразумець самога сябе, а таксама сэнс свайго жыцця. Нездарма Папа Ян Павел II кажа, што толькі ў Хрысце чалавек можа пазнаць самога сябе (пар. «Мысли о земном», с. 26). Менавіта таму сённяшняя ўрачыстасць заклікае нас ускладаць надзею не толькі на прагрэс сучаснага свету, заклікае не імкнуцца слепа да абсалютнай і безадказнай свабоды, не шукаць ілюзорнага суцяшэння ў рознага роду чарах, замовах, варажбе і іншых акультных практыках, а шукаць сапраўднай надзеі, сапраўднага суцяшэння і збаўлення толькі ў Хрысце. Сучасны чалавек павінен убачыць у рэлігіі тую сілу, якая можа ўваскрасіць яго да новага жыцця, вырашыць праблемы духоўна‑маральнага характару і нават дапамагчы ў адраджэнні эканомікі праз захаванне ў ёй этычных прынцыпаў.

Нязменная праўда ўцелаўлення Бога, якая стала пачаткам хрысціянства, дапамагае нам вярнуцца да ўстаноўленага Творцам маральнага парадку і выбраць той шлях, які гарантуе радасць, сапраўднае развіццё на гэтым свеце і шчаслівую вечнасць. Чалавек павінен духоўна змяняцца, каб і свет змяняўся да лепшага. А каб змяніцца, патрэбна святло, што паходзіць ад Бога, і Яго моц, якія прыйшлі ў гэты свет у святую ноч Хрыстовага Нараджэння. Прыняўшы Уцелаўлёнае Божае Слова, мы застанемся вернымі сваёй гісторыі, якая вырасла з хрысціянства, і ў той жа час мы будзем прагрэсіўнымі і сучаснымі.

7. Віншуючы вас і скіроўваючы вам, дарагія вернікі, і ўсім людзям добрай волі найлепшыя святочныя пажаданні, заклікаю вас заўсёды заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню.

Сваімі пажаданнямі я ахопліваю і хрысціянаў іншых Цэркваў і супольнасцяў — як тых, якія сёння таксама святкуюць Божае Нараджэнне, так і нашых праваслаўных братоў, якія пакуль яшчэ перажываюць перадкалядны пост і духоўна рыхтуюцца да радаснага свята Хрыстовага Нараджэння. Сучаснаму свету, які заблукаў у новаствораных міфах, патрэбна нашае супольнае сведчанне, каб ён змог убачыць адзіны і нязменны шлях да трывалага шчасця — Езуса Хрыста. Ён з’яўляецца адзіным Збаўцам — учора, сёння і заўсёды (пар. Гбр 13, 8).

Радуе той факт, што погляды Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы на найбольш актуальныя праблемы сучаснасці вельмі блізкія. Гэты год, які падыходзіць да завяршэння, зблізіў іх яшчэ больш,

таму ў многіх выпадках можна казаць нават пра тое, што мы ў адзін голас абараняем хрысціянскія каштоўнасці і навучаем, што будучыню трэба будаваць не толькі на навукова‑тэхнічным прагрэсе, але таксама на нязменных этычных прынцыпах.

Таму сёння мы звяртаемся да нованароджанага Дзіцяткі Езуса, просячы Яго адарыць нас сваёю ласкаю, каб мы прынялі Яго як нязменны арыенцір у вырашэнні ўсіх праблемаў сучаснага свету.

Радасці, шчасця, благаслаўлення Божага Дзіцяці ўсім вам!

Са святам, з Божым Нараджэннем!

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, якая дала свету Збаўцу, ад усяго сэрца дзялюся з вамі аплаткаю і благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі, Мінск, 8 снежня 2009г. ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

0
Крывіч / Адказаць
22.12.2009 / 15:10
http://www.bielarus.eu/?q=de/434 Віншаваньне ад Раднага БНР спадара Янкі Жучкі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру