Хаця саміт абвясьцілі нефармальным, беларускі прэзыдэнт завітаў да Пуціна ў гальштуку. Адразу відно, што не расслабляцца прыляцеў у Сочы. Цэны на газ – гэта для Менску пытаньне гамлетаўскае.

Напярэдадні эўфарыю спарадзіла публікацыя на сайце расейскага Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю. З прагнозу на наступны год вынікае, што газ нам зьбіраюцца прадаваць па $70--95. Але гэта той выпадак, калі варта казаць пра «Маскву шматгаловую», лічыць наш эканаміст Яраслаў Раманчук: «У Германа Грэфа свае разьлікі, а ў «Газпрома» свае».

І сапраўды, эўфарыю ледзяным струменем астудзіла крыніца ў Крамлі. У інтэрвію набліжанай агенцыі «РИА Новости» ананім з Пуцінавага атачэння зазначыў, што беларускі бок марна цягне рызіну, спадзеючыся на палітычнае вырашэнне газавай праблемы. «Было б дзіўна, каб пытаньне цэнаў на газ вырашалася на ўзроўні прэзыдэнта», – рэзюмавала крыніца.

Выглядае на тое, што беларускаму кіраўніку ветліва пажадалі ўсё ж расслабіцца... Але наўрад ці пасьля такіх эківокаў атрымаеш асалоду ад філе марскога чорта, якім частавалі ў «Бачаравым ручаі». Леташні цуд, калі Пуцін ў Сочы раптам (хаця насамрэч ня раптам і ня проста так) расшчодрыўся на танны газ, прадубляваць пэўна ж не пашанцуе. У адно Чорнае мора двойчы таксама ня ўвойдзеш.

Не выпадае надта радавацца і ад таго, што Расею «пракінулі» з уступленьнем у Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Праўда, напярэдадні нефармальнага саміту ЭўразЭС у Сочы маскоўскія мэдыі трубілі, што Крэмль у піку прыдзірліваму Захаду зробіць з гэтай арганізацыі альтэрнатыву СГА. Але гэта толькі піяраўскі бальзам на раны самалюбства. Насамрэч, перакананы экспэрт Яраслаў Раманчук, Масква будзе яшчэ мацней даводзіць, што дэпалітызуе сваю энэргетычную палітыку. То бок – ніякіх прэфэрэнцыяў хаўрусьнікам, усе роўныя.

Што ж да «альтэрнатывы СГА», то любая альтэрнатыва мае сэнс, калі яна болей эфэктыўная. Гэта не пад сілу купцы дзяржаў, што плятуцца ў хвасьце ўсіх рэйтынгаў эканамічнае свабоды і вызначаюцца драконаўскім пратэкцыянізмам.

Тым часам наспяваюць эканамічныя санкцыі з боку Эўразьвязу. Ужо ў верасьні можа быць прынятае рашэньне пазбавіць Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў. Гэтым так доўга страшылі нашы незалежныя прафсаюзьнікі, што, як у той казцы пра пастушка ды ваўка, усе ўжо зьняверыліся. Але працэдурны махавік набраў абароты, і цяпер ўжо Брусэль (які, шчыра кажучы, ня надта рвецца на бой з «апошняй дыктатурай Эўропы», бо рэжым спраўна жывіць Стары Сьвет саляркай) становіцца закладнікам сваіх бюракратычных канонаў.

Нарастаньне эканамічнага нэгатыву па ўсіх азімутах можа празь нейкі год змусіць урад на распрацоўку пакету непапулярных антыкрызісных захадаў, мяркуюць незалежныя аналітыкі. Ня выключана, што іх непрыемныя прагнозы болей імаверныя, чым як бальзамныя для душы беларускага кіраўніка прароцтвы астролага Глобы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?