Павышэнне з 1 студзеня 2010 года стаўкі падатку на дададзеную вартасць з 18% да 20% не выкліча росту цэн у Беларусі.

Пра гэта заявіў 22 снежня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч. Ён зазначыў, што да такой думкі прыйшлі не толькі ў Мінфіне, але і спецыялісты Міністэрства эканомікі.

Татарыновіч падкрэсліў, што разам з павелічэннем стаўкі ПДВ у Беларусі з 2010 года адмяняюцца чатыры падатковыя плацяжы: збор у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі, харчавання і аграрнай навукі, а таксама падатак на набыццё аўтатранспартных сродкаў, мясцовы падатак з продажу тавараў рознічнага гандлю, мясцовы збор з карыстальнікаў за паркоўку. У выніку, паводле ацэнак Мінфіна, падатковая нагрузка зніжаецца на 0,45% да ВУП, а ў распараджэнні прадпрыемстваў застанецца дадаткова 780 млрд. рублёў.

Апрача таго, прадугледжаны пэўныя змяненні ў частцы выплаты ПДВ.

Напрыклад, прадпрыемствы з гадавым аб’ёмам выручкі не больш як 3,8 млрд. рублёў змогуць выбраць тэрміны выплаты ПДВ: штоквартальна або штомесяц, як гэта робіцца цяпер. «Гэта значыць, плацельшчыкі самастойна, зыходзячы са свайго фінансавага становішча, будуць прымаць адпаведнае рашэнне», — патлумачыў Татарыновіч.

Паводле ацэнак Мінфіна, скарыстацца правам на штоквартальную выплату ПДВ змогуць больш як 60% агульнай колькасці плацельшчыкаў гэтага падатку.

Апрача таго, прадугледжваецца скараціць з аднаго месяца да пяці дзён тэрмін вяртання ПДВ. Гэта дазволіць прадпрыемствам больш аператыўна забяспечваць сваю патрэбу ў фінансавых сродках. Спросціцца і парадак ажыццяўлення падатковых вылічэнняў па ПДВ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?