У аўторак слынны бард Сяржук Сокалаў-Воюш даваў сольны канцэрт на ўправе Партыі БНФ. Невялічкая заля ўправы ледзь змагла сабраць усіх ахвотных – і Воюш, бачачы, што далёка ня ўсім хапае месца, заклікаў гледачоў садзіцца на сцэну, стварыўшы тым самым нефармальную і лёгкую абстаноўку.

Варта было бачыць вочы барда, поўныя сьлёз, калі ён пачаў выконваць старыя гіты, зь якімі некалі выступаў на менскіх мітынгах. Дарэчы, Сяржук прасіў ва ўсіх, хто сабраўся ў залі, прабачэньне за тое, што ня быў зь імі на Плошчы.

Сокалаў-Воюш прэзэнтаваў на канцэрце некаторыя песьні са сваёй новай нізкі «Песьні лісоўчыкаў», якія ён будзе выконваць без музычнага суправаджэньня. Гэткім чынам Воюш шукае выйсьці з крызысу, што напаткаў бардаўскую песьню.

На канцэрце прысутнічалі людзі рознага веку: і маладыя, і сталыя. На канцэрце прысутнічалі жонка і дзеці Сяргея, якія разам зь ім прыляцелі з Амэрыкі. Зь Вільні адмыслова, каб паслухаць свайго сябра, прыехаў Сяргей Вітушка. Яму заля зладзіла сапраўдную авацыю.

Пасьля выступу да барда пацягнулася сапраўдная чарга людзей – узяць аўтографы і проста паразмаўляць з клясыкам. Воюш быў вельмі задаволены тым, што яго працягваюць памятаць і любіць на Радзіме.

22 жніўня ў Доме літаратара адбудзецца яшчэ адзін выступ Сержука Сокалава-Воюша. Уваход вольны.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?