Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці год.
    Прадавачкам два тыдні раскошы:
    мандарынкі з шампанскім — і будзе даход,
    покі ў нас не закончацца грошы.
    Прыляціць Мікалай у калядных санях.
    Надаюць аднакласніцы бусек.
    У спартзале ялінка ў святочных агнях,
    а пад ёй — хто б вы думалі? Трусік.
    І запаляцца свечкі, і створаць інтым,
    і прыедзе ў паўночным трамваі
    прыгажуня‑Снягурка, і ганьба ўсім тым,
    хто казаў, што яе не бывае!
    Не замерзні, глядзі! Ты і сам Дзед‑Мароз,
    сіні нос для цябе не пытанне,
    сівізна ў бараду, а спыніцца — не лёс.
    Бачыш зорку? Загадвай жаданне!
    Загадай пра сябе, як Другі Прэзідэнт,
    каб бацькоў сваіх слухалі дзеткі;
    каб каханкі не змерзлі на вуліцы ўшчэнт,
    пад футэркам хаваючы кветкі.
    Мікалай‑канспіратар, стары дысідэнт,
    падарункі схаваў у шкарпэткі
    і, чытаючы верш за калядны прэзент,
    не зваліўся ніхто з табурэткі.

Снежань 2009

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?