СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» (МТС) аб’явіла пра запуск уласнай сеткі Wi‑Fi ў камерцыйную эксплуатацыю.

Як паведаміў 23 снежня на пасяджэнні круглага стала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) генеральны дырэктар МТС Уладзімір Карповіч, першы ўчастак сеткі Wi‑Fi ў Беларусі пачаў працаваць на тэрыторыі БДУІР у лістападзе 2009 года. Тэставанне сеткі праходзіла на працягу месяца ў бясплатным рэжыме. З 21 снежня карыстанне сеткай Wi‑Fi МТС пераведзена на камерцыйную аснову, аднак доступ да ўнутраных рэсурсаў БДУІР (бібліятэкі, архівы) і МТС застаўся бясплатным.

З дапамогай ноўтбука, кішэннага камп’ютэра або мабільнага тэлефона абаненты могуць карыстацца паслугай передачы звестак на хуткасці да 54 Мбіт/сек. 1 Мб прынятага або перададзенага інтэрнет‑трафіку каштуе 50 рублёў без уліку падатку на паслугі.

Кампанія таксама прапануе пакеты інтэрнет‑трафіку для карыстання сеткай Wi‑Fi — «МТС Wi‑Fi 500» коштам 20 тыс. рублёў і «МТС Wi‑Fi 1.000» коштам 30 тыс. рублёў.

«Студэнты БДУІР атрымалі магчымасць выкарыстання новых паслуг, якія дазваляюць змяніць падыходы да працэсу навучання», — адзначыў Карповіч. Паводле яго слоў, кампанія працягне садзейнічаць развіццю адукацыі — разглядаецца магчымасць укаранення сеткі Wi‑Fi ў іншых ВНУ краіны. «Мы бачым вялікую перспектыву ў супрацоўніцтве з навучальнымі ўстановамі», — сказаў ён.

Рэктар БДУІР Міхаіл Батура, у сваю чаргу, таксама адзначыў важнасць узаемадзеяння ВНУ з бізнес‑супольнасцямі ў мэтах павышэння якасці адукацыі. Паводле яго слоў, гэта ўжо 25‑ы праект, рэалізаваны ў БДУІР сумесна з партнёрамі, — раней у ВНУ былі адкрыты сумесныя навукова‑вытворчыя лабараторыі, створаны электронныя бібліятэкі і г.д. Ён заўважыў, што сетка Wi‑Fi ў ВНУ запатрабавана — прыблізна палова з 9 тыс. студэнтаў дзённай формы навучання ВНУ маюць ноўтбукі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?