24.12.2009 / 22:50

Вера Бурлак. Яшчэ адна сняжынка. Калядная казка 2

Калі яно ўпала ў снег, спачатку ўсе падумалі, што гэта проста яшчэ адна сняжынка...

Калі яно ўпала ў снег, спачатку ўсе падумалі, што гэта проста яшчэ адна сняжынка.
Але яно не было белым. Яно было цёплым, шэрым, нашмат цяжэйшым нават за градзіну і, упаўшы на зямлю, працягвала варушыцца, замест таго каб, як належыць прыстойнай сняжынцы, ціха ляжаць на месцы.

Сняжынкі, што сашчапіліся і перакрыжаваліся пяшчотнымі гранямі, здзіўлена перамаўляліся паміж сабой, але ціха-ціха. Яны прызвычаіліся да таго, што іх нерухомы танец раз-пораз пляжылі цяжкія боты або іншыя грувасткія прадметы. Так, далёка не ўсім шанцавала ўвесь дзень празіхацець пад марозным сонцам — і не адзін дзень! Былі, вядома ж, такія шчаслівіцы, але яны нараджаліся пад шчаснаю зоркаю. Сёння такой зоркі не было. Неба зацягнулі хмары, у паветры вісела вільгаць, і балетныя фігуры сняжынак прасядалі самі сабой — ад уласнай вагі. Таму яны не пакрыўдзіліся на шэры прадмет, а нават прыціснуліся бліжэй да яго, каб разам з ім зрабіць новую балетна-акрабатычную канструкцыю.

— Пастаў ножку сюды.

— А ты трошкі падсунь спаднічку.

— А я прытрымаю рукой прамяні на тваёй шапачцы.

— Ты, шэранькая сняжынка, цяжкаватая, але не страшна, ляжы, мы вытрымаем.

— Ты рухаешся, і нашыя фігуры робяцца цікавейшымі!

Шэранькая сняжынка прыслухоўвалася да новых белых сябровак і рабілася нерухомай.

А ў паветры плаваў туман, вільгаць, як вялізная лапа, ціснула неба да зямлі, і сняжынкі з цяжкасцю трымаліся, расцякаліся іх крышталікі.

— Ты цяжкая і шэрая, — сказалі яны новай сяброўцы, — і мы цяжкія і шэрыя. Але мы растаем, а ты — не. Вазьмі нашую пяшчоту і лёгкасць — бо мы не здолеем яе захаваць.

Тут крысо шэрага пінжака адхінулася, і паказалася маленькая чырвоная ручка, сціснутая ў кулачок. І сняжынкі аддалі ў гэтую ручку сваю пяшчоту і лёгкасць.

Як толькі яны зрабілі гэта, згары, але не такой высокай, як нябёсы, на іх сыпанула жоўтае зерне. На яго адразу наляцелі птушкі. Важкія галубы забуркаталі, атабарваючыся, верабейчыкі зачырыкалі, выхопліваючы зярняткі, каб з’есці іх недзе побач. Бокам-скокам то адтуль, то адсюль набліжалася каўка і таксама час ад часу падавала голас, а на агароджу прысела хітрая таўстадзюбая варона.

Птушкі дзяўблі зярняты і пярэсцілі снег новымі крышталічнымі формамі сваіх лапак. А вялікі шэры скрутак ляжаў пасярод іх і штохвілі варушыўся. Птушкі пабойваліся скрутка. Некалькі зярнятак упала на яго, але да іх птушкі не падыходзілі.

— Нейкая бурбалка ў бурносе, — буркалі галубы. — Яшчэ абурыцца і ўсё навокал разбурыць...

— А можа, пашчасціць — і не, — запярэчылі верабейкі.

Варона са сваёй агароджы пазірала вельмі цікаўна і прамаўляла:

— Прыўкрррасны скрррутак! А раптам у ім нешта смачнае і карррыснае! Глядзіцца перррспектыўна!

Тут згары сыпанула новая порцыя зерня. Птушкі спачатку разляцеліся, але хутка вярнуліся і працягнулі дзяўбці. А з шэрага пінжака, які ўсё намагаўся разгарнуць вецер, на іх пазіралі блакітныя вочкі.

— Глядзіць! Цішэй! Глядзіць! — загаманілі верабейкі і адляцелі ўбок.

— Бураціна нейкі, — буркнулі галубы.

Але істота з шэрага пінжака глядзела на іх спакойна і нават лагодна. А ружовы кулачок трохі расціснуўся, быццам таксама насыпаў бы птушкам зерне, каб меў.

— Чалавечак, чалавечак, — сцішана паўтаралі верабейкі. — Чаго хочаш?

— Жыць, — дала адказ маленькая істота. Не словамі, бо іх яшчэ не мела, але неяк інакш — замест словаў.

— Мы баімся цябе, — сказалі ўсе птушкі, — але ты не крыўдзіш нас. Ты — як нашыя птушаняты. Напэўна, ты добрае, і, калі вырасцеш, будзеш нас карміць. Мы падорым табе крылы. Спачатку ты гэтага не адчуеш, але калі-небудзь, калі табе падасца, што ты падаеш, ты здолееш узляцець.

Тут усе птушкі падхапіліся з зямлі і зляцелі, бо да іх набліжаліся цяжкаватыя крокі. Толькі варона на сваёй агароджы засталася чакаць.

Падмоклыя валёнкі спыніліся ля шэрага скрутка, вялікая чорная постаць схілілася над ім, а рука, якая шпурляла птушкам зерне, разгарнула скрутак. У ім было зусім маленькае дзіця. Ручкі і ножкі сагнутыя, пальчыкі падціснутыя. Але блакітныя вочы глядзелі надта разумна.

— Аёечкі, жах які! — сказала чорная постаць і зняла з сябе ватоўку. — Узяла б я цябе, ды не магу. У мяне толькі два сябры — старасць і алкаголь. Але табе такое сяброўства непатрэбнае.

Старая загарнула дзіця ў ватоўку, але сысці не спяшалася. А малое глядзела на яе разумнымі вочкамі.

— Здаецца, я ведаю, каго паклікаць. Але для гэтага мне трэба пайсці. Шкада, няма ў мяне сяброў у чалавечым свеце!

Дзіця, загорнутае ў ватоўку, зноў засталося адно, але зусім ненадоўга. Вецер, які ўжо зазіраў пад пінжак і пра ўсё ведаў, прыляцеў зноў.

— Я той, хто дахі рве, у трубах раве, але для цябе я лагодны, я цябе паберагу. Я дам табе маю сілу.

А на агароджы ўсё сядзела варона і кідала позіркі на дзіця. А ззаду і знізу падкрадалася кошка. Варона заўважыла яе, але да часу маўчала, і толькі ў апошні момант, калі кошка ўжо нарыхтавалася скочыць, з усяе моцы закрычала:

— Гэта некарррэктна!

Бедная кошка ажно прыціснула галаву. Але не разгубілася. Дзве хітрухі былі вартыя адна адной.

— Нешта сёння пахмуррна, — заўважыла кошка, сядаючы на заднія лапкі і лізнуўшы пярэднюю. Сыходзіць яна не збіралася, таму варона палічыла за лепшае зляцець.

— Пазнюся на карррферэнцыю! — патлумачыла яна, і толькі крылы залопалі ў паветры.

— Цяпер яна будзе з табой сябраваць, — сказала кошка малому. — Каго яны не могуць перамагчы, з тымі сябруюць. Пакуль не пабачаць новай магчымасці іх перамагчы. Але не давай ім сябе перамагчы — і яны будуць табе сябрамі. Ты падабаешся мне. Ты малое і мілае, як мае кацяняты. Кажуць, у кошак дзевяць жыццяў, а ў мяне дзевяць кацянят. І кожнае так хоча жыць!

Кошка зірнула на малое і працягвала — а працягваць яна магла доўга, бо гэта была вельмі гаваркая кошка:

— Не разумею, чаму людзі кідаюць сваіх дзяцей? Але людзі кідаюць і сваіх кошак. Ды яны ўвогуле шмат чаго кідаюць. Бо ў іх замала ласкі і гонару. Не будзь такім! Вось табе ад мяне падарунак — трохі болей ласкі і гонару за звычайныя чалавечыя. А ў мяне яшчэ шмат. Мне хопіць.

Кошка ўзнялася на лапкі, аблізнула забруджанае футрачка:

— Ну, бывай! Пайду да сваіх кацянят!

Насамрэч кошка пасядзела б яшчэ. Яна любіла паразважаць, а блакітнавокае дзіця было надзвычай удзячным слухачом. Але ўжо здалёк кошка пабачыла сабаку, а з ім гутарыць ёй не хацелася.

Сабака падбег да малога і адразу па-сяброўску лізнуў яго ў нос. І адразу расхваляваўся:

— Як! Чаму ты тут? Дзе твой дом? Малое дзіця мусіць быць дома! Дзе твая мама?

— Не ведаю, — адказала дзіця быццам не словамі, а позіркам.

— Хто ж, хто ж гэта зрабіў! — турбаваўся сабака. — Давай нападзем на след! Не, след растаў. Трэба цябе ратаваць! Давай разам!

— Як? — спытала дзіця.

— Крычы! Гэта вельмі дапамагае! Калі я крычу, зло адыходзіць, а дабро набліжаецца. Я ўсё жыццё крычу. І ты не хвалюйся. Галоўнае — крычы! Ну, давай разам!

І яны закрычалі разам, хто як умеў. Сабака, праўда, хутка пабег — не інакш па дапамогу, — а дзіця працягвала крычаць, і яму вельмі падабалася крычаць. Гэта было як спеў. І сняжынкі зноў пачалі падаць з нябёсаў і кружыцца ў танцы. І варона баялася зноў падляцець. А дзіця крычала штосілы, і з’яўляліся і выходзілі ў свет ягоная першыя пачуцці: радасць і прага жыцця — і бясконцае неразуменне, чаму няма да каго прытуліцца, апрача бруднай ватоўкі.

І тут да яго падышла жанчына ў зялёнай хусціне з кветкамі. Яна загарнула малое ў сваю прыгожую хусціну і панесла.

— Хто ты? — спытала малое, але жанчына толькі ўсміхалася. Але колькі лагоды і дабрыні бачыла дзіця ў расплывістых плямах яе вачэй, носа, вуснаў — бо інакш малое бачыць пакуль не ўмела. — Ты... мама?

— Я Жыццё, — адказала жанчына. — Аднойчы я зрабіла памылку, але цяпер выправіла.

Яна прыціснула дзіця да сябе, і тое адчула, што такое сапраўдная цеплыня. Яно было само цуд, і цуд адбыўся з ім. Дзіця заснула і ў сне бачыла новыя цуды.

Неба ачысцілася, схапіўся марозік, і сняжынкі кружыліся ў танцы і садзіліся на зямлю і адна на адну, утвараючы вытанчаныя жывыя фігуры. Заўтра сонца будзе граць на іх, і ўсе спыняцца перад іх прыгажосцю. І, магчыма, ім пашчасціць пратрымацца не адзін дзень — можа, нават цэлы месяц!

3 снежня 2009

nn.by

0
пк / Адказаць
26.12.2009 / 12:10
міла-міла.....
0
Ліхвяр / Адказаць
26.12.2009 / 17:04
Трохі сумна, але прыгожа! Дзякуй Вам Вера, нешта добрае варухнулася ў грудзях.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру