А вы звярнулі ўвагу, што расійскі амбасадар Сурыкаў усё ж капнуў бальзаму на душу беларускаму афіцыйнаму лідэру?

Непрыемныя для тутэйшага начальства заявы пра нафту па біржавых цэнах і г.д., якія прагучалі на прэс-канферэнцыі 23 снежня ў Мінску, дыпламат здобрыў панегірыкам.

«Вось Аляксандр Лукашэнка — вядучы палітык, і мы прызнаём гэта адназначна. Вось з гэтым палітыкам мы і будзем працаваць, акрэсліваючы планы на будучы год, але не з тым, пра каго вы думаеце», — заявіў Аляксандр Сурыкаў, палемічна адказваючы на журналісцкае пытанне.

Памятаеце гісторыю пытання? Месяц таму, прымаючы беларускіх журналістаў у Барвісе, Мядзведзеў не выключыў, што можа зладзіць сустрэчу і з апазіцыйнымі палітыкамі суседняй краіны. Вось цяпер Сурыкаў і супакоіў (а кагосьці і засмуціў): маўляў, пра падрыхтоўку такога мерапрыемства гаворкі няма. І ўвогуле, падкрэсліў амбасадар, расійская ўлада не мае намеру падтрымліваць тутэйшую апазіцыю.

Чытай: на будучых выбарах Крэмль зноў гатовы падтрымаць Лукашэнку. Пры тым што перыядычна з ім ваюе на розных франтах — ад малочнага да інфармацыйнага.

Дарэчы, і ў Барвісе, памятаеце, Мядзведзеў папракаў беларускага калегу за наскокі на Кудрына і Пуціна.

Не выключана, між іншым, што намеры Масквы перайсці на біржавыя цэны справакуюць новыя філіпікі з вуснаў галоўнага тутэйшага начальніка. Але, як бачым, расійскае кіраўніцтва зноў авансам дэкларуе падтрымку Лукашэнкі ў рытуальнай дзеі, што чакаецца на пачатку 2011 года і заклікана фармальна замацаваць чарговую пяцігодку яго кіравання.

Зрэшты, мінскі аналітык Раман Якаўлеўскі не схільны надта давяраць заявам Сурыкава: «Ад Масквы можна чакаць сюрпрызаў, і не выключана, што амбасадар проста закалыхвае пільнасць».

Іншыя ж незалежныя аглядальнікі сыходзяцца ў меркаванні, што

хаця расійская кіроўная эліта і не мае цёплых пачуццяў да слізкага і ў той жа час калючага беларускага партнёра, але ў Масквы фактычна няма варыянтаў.

Прычым слабасць яе вагароў у беларускім пытанні канстатуюць, што характэрна, і расійскія палітолагі. Так, Ганна Кураннова ў інтэрв’ю Regnum сказала: «Сваёй заявай Сурыкаў агаліў нашы слабыя месцы. У нас нічога не атрымліваецца на беларускім напрамку, мы не ладзім там ніякай палітыкі». Багдан Бязпалька, намеснік дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі Маскоўскага дзяржуніверсітэта, таксама наракае: «Расійская ўлада працавала толькі з Лукашэнкам і не імкнулася сфармаваць у Беларусі якія-небудзь структуры. Усе яго рухі ў заходні бок абсалютна не караюцца, таму што проціпаставіць гэтаму што-небудзь немагчыма».

Ну хіба што на нервах пайграць. Гэта, дарэчы, і зрабіў Мядзведзеў у Барвісе, — памятаеце? — выклікаўшы публічнае раздражненне Лукашэнкі самім фактам сустрэчы з недзяржаўнай беларускай прэсай. Але далей за ўколы справа не ідзе. Моцнага, рэалістычнага сцэнарыя замяшчэння ўлады ў Беларусі ў Крамля сапраўды няма.

«Магчыма, перад выбарамі-2011 Масква яшчэ паказыча Лукашэнку нервы, але ў выніку, няхай і ўскосна, у тым ліку і рэсурсамі, і пэўным піярам, яго падтрымае, — прагназуе мінскі палітолаг Валер Карбалевіч. — А якія для Крамля варыянты? Рэальных сапернікаў не відаць. Тым больш — моцных фігур прарасійскага кшталту».

Так, гэта важны момант. Як ні парадаксальна, але

ў самай прарасійскай з постсавецкіх краін, да таго ж пры шматгадовай густой рыторыцы на карысць «братняй інтэграцыі», так і не прараслі жыццяздольныя структуры прамаскоўскай арыентацыі, не сфармаваўся слой эліты такога кшталту.

І справа, відаць, не толькі ў ляноце расійскіх стратэгаў. Папросту беларусы і рускія, нягледзячы на кан’юнктурныя заявы, вядома ж, зусім не адзін народ. А ўжо за постсавецкія гады і наменклатура, і бізнесоўцы, і іншыя эліты, і нават у масе сваёй просты люд рассмакавалі плады суверэннасці. Так што гэты цягнік — ану хуценька створым у сінявокай рэспубліцы сваю базу ўплыву! — для Масквы, як відаць, ужо адышоў.

І з Лукашэнкам воленс-ноленс працягваюць гуляць яшчэ і таму, што нутром адчуваюць: любы новы кіраўнік з нашмат большай верагоднасцю стане адводзіць Беларусь у Еўропу. Па-першае, таму, што не звязаны шматгадовымі інтэграцыйнымі клятвамі ды адпаведнымі паперамі. Па-другое, еўрапейскі трэнд Беларусі не выпадкова пачаўся ўжо пры цяперашняй — дастаткова саўковай і абсалютна далёкай ад дэмакратычных каштоўнасцяў — кіроўнай вярхоўцы.

З Расіяй, на якую напаўзае гара сістэмных праблем, Беларусь звязана, па сутнасці, толькі энергетычнай пупавінай ды наезджанымі шляхамі збыту тавараў. У Еўропе ж — інвестыцыі, тэхналогіі, карацей — перспектыва мадэрнізацыі.

Ага, так вас там і чакаюць! — пішуць на форумах расійскія патрыёты. Гляньце, маўляў, у якой яміне цяпер прыбалты. Так, але ці лепш бы ім было пад патранажам Масквы? Прынамсі, зараз, падчас крызіснай ломкі, Еўразвяз упампоўвае, напрыклад, у Латвію велізарныя грошы. Ды і беларускія фінансы выстаялі дзякуючы МВФ.

Расія ж прадынаміла Мінск з траншам абяцанага крэдыту, а цяпер вуснамі пасла Сурыкава прапануе нафту па біржавых цэнах (вось вам і мытны звяз, хлопцы, і АЭП!). Дык ці трэба здзіўляцца, што нават Лукашэнка ўхапіўся за прагматычны дыялог з праклятымі буржуінамі?

Тым болей што яны зняверыліся ў магчымасці нейкай каляровай рэвалюцыі ў беларускіх балотах. «На наступных выбарах Еўропа будзе слабей падтрымліваць апазіцыю, чым гэта было ў 2001 і 2006 гадах, — мяркуе Валер Карбалевіч. — Што азначае дэ-факта прыняцце беларускага статус-кво».

Такім чынам, нязменнаму прэзідэнту пакуль што шанцуе не толькі выкручвацца між расійскім молатам і заходнім кавадлам, але і — паралельна з жорсткай крытыкай — атрымліваць з абодвух бакоў абсалютна матэрыяльныя дывідэнды (з Захаду толькі за апошнія дні прыйшлі крэдыт Сусветнага банка ды чарговы транш МВФ).

Раман Якаўлеўскі, зрэшты, мяркуе, што Лісабонская дамова дапаможа зрабіць палітыку Бруселя, у тым ліку і ў беларускім пытанні, больш выразнай і прынцыповай. На думку эксперта, Захад паспрабуе шукаць перспектыўных апанентаў дзейнага прэзідэнта сярод наменклатуры.

Адзначым, аднак, што дасюль наменклатурным вылучэнцам не ўдавалася стварыць моцную альтэрнатыву. Да таго ж яны паказальна караліся (турэмная эпапея Аляксандра Казуліна — наглядны прыклад). Вынік: наменклатура застрашаная. Дадамо: паспаліты люд пераважна інертны, абыякавы да палітыкі, і крызіс толькі ўзмацніў гэты пафігізм.

Так што «беларускае пытанне» не спішаш на аднаго аўтарытарнага Лукашэнку. Тут усе добрыя цацы.

Вялікадзяржаўны патранаж Крамля, гумовы прагматызм Еўропы, індыферэнтнасць масы народанасельніцтва (можна і яшчэ пальцы загінаць) — вось складнікі доўгага застою па-беларуску.

Карацей, пакуль што перадвыбарныя перспектывы даволі змрочныя. Але рэалізм — не фаталізм. За год многае можа змяніцца. Могуць спрацаваць нейкія форс-мажоры. Зрэшты, гэта ўжо асобная тэма. І потым, паводле Карбалевіча,

«любыя выбары ўтойваюць у сабе элемент непрадказальнасці, нават калі здаецца, што ўсё пад кантролем, усё схоплена. Так што пры 90% шанцаў Лукашэнкі на чарговую перамогу 10% на нечаканасці трэба пакідаць».

Наколькі і ў які бок зменіцца гэта прапорцыя цягам 2010-га?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?