2009 год прайшоў пад знакам фестываляў і юбілееў. Таксама сёлета незалежная музыка прарвалася на тэлебачанне.

А зоркай №1 працягвае заставацца «Ляпіс Трубяцкі». Сяргей Міхалок атрымаў сёлета рок‑карону, а таксама ўпотайкі ад сваіх фанаў запісаў новы альбом «Культпрасвет».

«Ляпісы» — адзіны айчынны рок‑гурт, які здолеў два гады запар збіраць дзевяць тысяч чалавек на свой канцэрт у мінскі Палац спорту. Пасля былі туры па гарадах Беларусі і ЗША. І пастаянныя канцэрты ў Расіі. Праўда, наступны год можа ўжо не быць «годам «Ляпісаў»: Міхалок задумаўся над тым, каб «пару гадоў адпачыць» пасля такой гастрольнай і студыйнай працы.

Фестывалі года

У 2009 годзе апошні раз прайшла «Рок‑каранацыя». Надалей яна згубіць прыдомак «Рок‑» і зробіцца проста «Каранацыяй», што мае прыцягнуць на яе і больш «папсовых» музыкаў. Апроч таго, фестываль робіцца вандроўным. Сёлета ён праходзіў у Маладзечне.

Наўзамен у 2009‑м стартануў рок‑фестываль BelaMusik. На ім выступілі яшчэ нядаўна забароненыя «Крама», «Нейра Дзюбель», «Палац», а таксама «Без білета», J:MOPC, «Дзецідзяцей». Канцэрт быў немасавы — мо залева адпалохала гледачоў, — але арганізатары выказаліся за далейшую падтрымку BelaMusik.

Транспамежны фестываль Be2gether у літоўскіх Нарвілішках набірае з кожным годам усё большы размах. Хоць Беларусь там прэзентуюць толькі лічаныя гурты, цікавасць да яго расце. На сёння гэта самы блізкі і самы вялікі міжнародны рок‑фестываль, на які без праблем могуць паехаць беларусы. Нават шэнгенская віза не стрымлівае: яе выдаюць бясплатна тым, хто набыў квіткі на Be2gether.

Тое самае і фестываль Be Free, які ў 2009‑м прайшоў у Чарнігаве. Папулярасць яго расце, ладзіць фестываль варта і надалей. Вось толькі трэба недзе асесці, спыніцца з вандраваннямі. Так, ужо з 2010 фэст можа займець пастаянную прапіску ў Чарнігаве. Прапіску памяняў і іншы фестываль — «Рок за баброў». Ён пераехаў з Бабруйска ў Сілічы пад Лагойскам.

А найстарэйшы беларускі рок‑фестываль «Басовішча» сёлета адсвяткаваў 20‑годдзе. У гонар гэтага арганізатары адмовіліся ад традыцыйнай конкурснай праграмы, зладзілі проста шоу. Узгадалі самыя першыя канцэрты ў беластоцкім Гарадку: N.R.M. пераўвасобіўся ў «Мрою», «Крама» — у «Бонду».

З’явіўся сёлета і канкурэнт «Бардаўскай восені», што ладзіцца ў Бельску на Беласточчыне. Цяпер пад Бабруйскам штогод будзе праводзіцца бардаўскі фестываль «Вішнёвы сад». У адрозненне ад «Бардаўскай восені», на новым фэсце няма конкурснай праграмы.

Былі сёлета і страты. Арганізатары фестывалю «Бітлз назаўжды», які праіснаваў пяць гадоў, адмовіліся яго далей праводзіць. Пасля ўвя¬дзення новых мытных пошлін на ўвоз тавараў спонсары адмовіліся яго падтрымліваць.

Беларус Аляксандр Рыбак

На «Еўрабачанні‑2009» у Маскве перамог беларус Аляксандр Рыбак. Вось толькі прадстаўляў ён Нарвегію. Але перамога Рыбака на конкурсе прынесла папулярнасць і нашай краіне. Пра Беларусь загаварылі ў Еўропе з добрай нагоды. А вось беларускі канкурсант Пятро Ялфімаў пасля няўдалага выступу на «Еўрабачанні» яшчэ і паскандаліў. «Мару хутчэй дабрацца да роднай Беларусі і патрапіць на прыём да прэзідэнта, каб расказаць яму, як усё тут адбываецца», — сказаў пакрыўджаны спявак. Маўляў, не ўсё чыста з грашыма, якія выдаткоўваліся на падрыхтоўку да конкурсу. Пётр Ялфімаў і заяву адпаведную напісаў у праваахоўныя органы, што прывяло да праверкі на Белдзяржрадыёкампаніі.

Не спраўдзіў чаканняў на дзіцячым «Еўрабачанні» і «Чароўны трусік» Юрыя Дземідовіча. Хаця параза Юравай папулярнасці не зменшыла. Мо таму, што не скандаліў, як Ялфімаў.

Паплаўская папулярнейшая за Калдуна

Амаль 40% беларусаў не ведаюць ніводнага айчыннага выканаўцы. Такія вынікі паказала даследаванне сацыялагічнай лабараторыі «Новак» і Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. З тых, каго назвалі астатнія, самымі папулярнымі аказаліся Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Модны Дзмітрый Калдун — толькі на дзясятым месцы, пасля Аляксандра Саладухі. Сярод гуртоў рэйтынг узначалілі «Песняры». Затым ідуць «Сябры», «Верасы»… N.R.M. — дзявяты.

Круглыя даты

У 2009 годзе споўнілася сорак гадоў легендарным «Песнярам». Адзначалі юбілей шырока і ўсе па‑рознаму. Вось толькі кожны па‑свойму. Бо на прасторах Беларусі і Расіі спяваюць некалькі калектываў, якія прэтэндуюць на спадчыну Уладзіміра Мулявіна. Дваццацігоддзе сустрэў і вечназялёны «Нейра Дзюбель». Пасля адмены забароны на яго канцэрты гурт часта выступае ў Мінску. Па дзесяць гадоў споўнілася «БН» і J:MOPC. Калі «Песняры» і J:MOPC запісалі новыя альбомы, дык «Стары Ольса» да свайго дзесяцігоддзя заснаваў цэлы фестываль старажытнай музыкі «Гальшанскі замак». Ён праходзіў у аднайменным мястэчку. І па планах арганізатараў павінен стаць штогадовым.

Канцэрт да 15‑годдзя N.R.M. мо¬жна назваць самым чаканым выступам года. Да гэтага гурт маўчаў працяглы час, што нарадзіла шмат чутак. Але N.R.M. вярнуўся. І як паказаў снежаньскі акустычны канцэрт, «мрояўцы» вярнуліся каралямі.

Пазітывы года

Увосень у Мінск з канцэртам прыязджалі электрапанкі The Prodigy. Зоркі такой велічыні ў Беларусі бываюць нячаста. Следам за імі да нас завітае «Рамштайн».

Адкрыццём можна назваць гурт The Toobes. Выданне іх альбома рыхтуецца ў Англіі. А ў Беларусі альбом «HELLO» сайтам Experty.by быў прызнаны лепшым у першым паўгоддзі.

Незалежная музыка трапіла сёлета на дзяржтэлебачанне. На тэлеканале СТБ запусцілі праект «Зорны рынг», у якім узялі ўдзел «Нейра Дзюбель», «Крама», Зміцер Вайцюшкевіч. Але па‑ранейшаму такія выпадкі з’яўляюцца хутчэй выключэннямі, чым заканамернасцю.

У рамках праекта «Тузін. Перазагрузка» па‑беларуску заспявалі дванаццаць раней небеларускамоўных выканаўцаў. Сярод іх Дакота, Юрый Дземідовіч, Сяргей Пукст, гурты Atlantica, «Стокс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?