Учорашнi Дзень салiдарнасьцi (16 жніўня) у Магілеве адзначыўся масавым затрыманьнем. Каля будынку Пэдагагiчнага факультэту Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi каля трох дзясяткаў моладзевых актывiстаў руху «За Свабоду» зьбiралiся выставiць сьвечкамi лiчбу 16, але, калi частка моладзi ўжо стаяла з запаленымi агеньчыкамi ў руках – раптам на двух машынах пад’ехалi некалькi мiлiцэйскiх патруляў.

Мiлiцыянты хапалi ўсiх без разбору i без анiякiх тлумачэньняў. Палова моладзi пасьпела схавацца ў блiжэйшых дварах, але 14 чалавек пад канвоем павялi ў найблiжэйшы пастарунак для высьвятленьня асобаў. Сярод затрыманых былi непаўналетнiя.

Цiкава, што 4 юнакi па дарозе зьбеглi i ў пастарунак, на зьдзiў мiлiцыянтам, былі дастаўленыя толькi 10 чалавек.

Iнспэктар па справах непаўналетнiх капiтан Iгар Зайцаў, перапiсаўшы дадзеныя паспрабаваў правесьцi тлумачальную гутарку сярод моладзi, але ўсе яго намаганьнi выклiкалi толькi сьмех ды жарты з боку затрыманых. Ня маючы што прад’явiць, мiлiцыянты праз гадзiну усiх адпусьцiлi.

А тым часам другая палова моладзевых актывiстаў зноўку вярнулася на месца правядзеньня акцыi і сьвечкi, хоць i ня лiчбаю 16, але ўсё ж такi былi запаленыя i нават гарэлi да 12-й ночы.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0